18 траўня 2024, Субота, 6:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Генпракуратура адмовілася правяраць інфармацыю аб апродажы зброі тэрарыстам з FARC

5
Генпракуратура адмовілася правяраць інфармацыю аб апродажы зброі тэрарыстам з FARC

Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька атрымаў адказ з Генпракуратуры, куды ён звярнуўся з прапановай правесці расследаванне па факце продажу калумбійскім тэрарыстам групоўкі "Рэвалюцыйныя ўзброеныя сілы Калумбіі" (FARC) беларускай зброі.

"Паколькі інфармацыя распаўсюджаная крыніцамі, дакладнасць і аб’ектыўнасць якіх выклікае сумневы, падставаў для правядзення па дадзеным факце праверкі і прыняцця мераў пракурорскага рэагавання не маецца", - цытуе адказ сайт ucpb.org.

Анатоль Лябедзька лічыць, што ўхіленне пракуратуры ад гэтай справы – яркі прыклад яе самадыскрэдытацыі. "Дадзенае ведамства не разглядае магчымую падтрымку міжнародных тэрарыстаў як праблему, - сказаў палітык. – Яно не лічыць, што інфармацыя аб кантрактах на пастаўку зброі ў Венесуэлу на сотні мильёнаў еўра – гэта карупцыя".

У адказе Генпракуратуры палітыку паведамілі "аб разглядзе ягонага звароту з нагоды "публікацыі ў замежных СМІ, а таксама ў сетцы Інтэрнэт звестак, што датычацца Рэспублікі Беларусь".

Прычына падобных паводзінаў у тым, мяркуе Анатоль Лябедзька, што звесткі, распаўсюджаныя ў замежных СМІ, датычыліся не толькі Рэспублікі Беларусь, як лічуць у Генпракуратуры, а "канкрэтных асобаў, аб якіх пракуратура ці тое сарамліва, ці тое клапатліва замоўчвае".

Нагадаем, інфармацыя аб продажы беларускай зброі калумбійскай групоўцы "Рэвалюцыйныя ўзброеныя сілы Калумбіі" (FARC), прызнанай міжнароднай супольнасцю тэрарыстычнай арганізацыяй, была распаўсюджаная ўплывовай іспанскай газетай "Эль Паіс" і тэлеканалам "Еўраньюс" са спасылкай на экспертаў Інтэрпола.

Па сцвярджэнні "Эль-Паіс", дзяржсакратар Савета бяспекі Беларусі Віктар Шэйман "быў адным з тых, хто прасоваў кантракты на пастаўку зброі ў Венесуэлу на суму ў 720 млн. еўра, якія былі падпісаныя летась".

Спроба прадставіць газету "Эль Паіс" як бульварнае выданне, а тэлеканал "Еўраньюс" як распаўсюджвальніка чуткаў - гэта дэманстрацыя невуцтва, лічыць Анатоль Лябедзька. Дадзены выпадак, па ягоным меркаванні, толькі пацвярджае неабходнасць і актуальнасць грамадзянскага і грамадскага кантролю над уладай.

"Без гэтага перамагчы самаўпраўнасць уладаў, карупцыю і хлусню немагчыма, - падкрэсліў апазіцыйны палітык. - Пакуль у грамадзян не будзе магчымасці ўздзейнічаць на тую жа пракуратуру, ні адна гучная справа, будзь тое выкраданне апанентаў улады або продаж зброі тэрарыстам, не будзе расследаваная".

Анатоля Лябедзьку пасля ягонага звароту выклікалі ў Генпракуратуру, дзе ён быў папярэджаны аб крымінальнай адказнасці "за загадзя ілжывы данос" у сувязі з ягоным патрабаваннем расследаваць пэўнасць інфармацыі аб пастаўках беларускай зброі ў Венесуэлу.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках