Польшча гатовая змясціць на сваёй тэрыторыі амэрыканскую СРА
2- 13.08.2008, 9:10
Першы міжнародны эфект вайны на Каўказе: Польшча, якая быццам бы супрацьстаяла размяшчэнню ў сябе элементаў амэрыканскай СРА, абвесціла, што пасля бамбаванняў Грузіі ўсё стала магчымым.
«Я ня буду казаць аб поспеху, пакуль атрамант яшчэ не высах, але інфармацыя, якую мы атрымліваем (з Вашынгтону), робіць прыняцце маім урадам прапановаў Злучаных Штатаў больш магчымым, чым яшчэ пару тыдняў таму», – абвесціў прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск у аўторак на прэс-канферэнцыі ў Варшаве.
Яшчэ ў ліпені польскі прэм'ер казаў, што амэрыканскі плян змяшчэння на тэрыторыі ягонай краіны аб'ектаў СРА у той форме, у якой ён быў прапанаваным, яму ўяўляецца «неадэкватным».
Польскі ўрад падчас цяперашняга канфлікту ў Паўднёвай Асеціі адзначыўся шэрагам вельмі рэзкіх заяваў, часткова дезавуяваных, часткова пакінутых у сіле. Адказваючы на пытанні журналістаў, Туск яшчэ раз падкрэсліў, што паводзіны Расеі падчас апошніх баявых дзеянняў толькі пацвярджаюць правасць Варшавы, якая асцерагаецца пагаршэння стасункаў з Масквой па пытанні аб СРА.
«Пасля таго, што здарылася на Каўказе, можна сапраўды сказаць, што рэальныя гарантыі бяспекі Польшчы ў выпадку размяшчэння аб'ектаў СРА ЗША незаменныя. Здаецца, у Злучаных Штатах гэтыя аргументы зараз схільныя прымаць сур'езна», – прыводзіць словы Туска агенцтва Reuters.
Ужо ў сераду амэрыканскія перамоўнікі будуць у Варшаве. Наколькі можна зрабіць выснову з словаў Туска, яны гатовыя задаволіць польскія патрабаванні. Варшава настойвае, каб акрамя ўладкавання базы з 10 амэрыканскімі ракетамі-перахопнікамі на ейнай тэрыторыі змяшчалася батарэя ракетаў Patriot «зямля-паветра» на выпадак гіпатэтычнага ўварвання ў ейную паветраную прастору расейскіх самалётаў. Таксама ў Польшчы жадалі бы, каб Вашынгтон прафінансаваў мадэрнізацыю ейнай састарэлай сыстэмы СПА, адзначае «Газета.ру».
Праблемы ў перамовах Варшавы і Вашынгтона з нагоды размяшчэння аб'ектаў 3-га пазыцыйнага раёну СРА (ракеты-перахопнікі) прыпыніліся ў лістападзе мінулага году, пасля прыходу да ўлады новага кабінету міністраў на чале з Тускам. Ён лічыцца экспертамі менш праамэрыканскім за ягонага папярэдніка прэм'ера Яраслава Качыньскага. Ужо калі Чэхія падпісала і ратыфікавала дамову аб размяшчэнні ў сябе амэрыканскага радару, таксама ўваходнага ў гэты пазыцыйны раён, з Польшчы прыходзілі весткі аб магчымасці правалу перамоваў навогул з прычыны адмаўлення Амэрыкі задавальняць дадатковыя патрабаванні Варшавы. Крыніцы, блізкія да перамоваў, казалі нават аб магчымасці замены: Летува прапаноўвала сябе ў якасці плацдарму для амерыканскіх ракетаў. Адначасова ў МЗС Польшчы ўвесь час разважалі аб сваім расчараванні неразуменнем амэрыканцаў і абяцалі адкласці перамовы да пачатку працы новага прэзідэнта ЗША.