26 красавiка 2024, Пятніца, 9:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Тбілісі Расеі сказалі: «No pasaran!» (Відэа, фота)

17

Прэзідэнты Летувы, Польшчы, Украіны і Эстоніі і прэм'ер-міністр Латвіі ўвечар у аўторак прынялі ўдзел у масавым мітынгу ў цэнтры Тбілісі, на які вышлі 150 тысячаў грузінаў.

Віктар Юшчанка: «Воля вартая таго, каб за яе змагацца»

«Мы сёння праляцелі шмат тысячаў кіламетраў. У нас была вельмі цяжкая дарога да вас. Але мы ведалі, што мы сёння вінныя быць тут. Мы сёння прыехалі сказаць вам такія словы: Грузія - наш сябар. Грузіны - нашыя сябры. Сёння, тут, у сама цяжкія часы для Грузіі мы кажам, што вы маеце права на волю, права на незалежнасць», -- заявіў прэзідэнт Украіны ў звароце да жыхароў Грузіі.

«Мы праехалі гэтыя тысячы кіламетраў, каб прадэманстраваць грузінскаму непакорліваму народу сама святое пачуццё - гэтае пачуццё салідарнасці. Гэтае пачуццё таго, што нашае сэрца прыналежыць вам», - сказаў Юшчанка.

Ён падкрэсліў, што воля вартая таго, каб за яе змагацца. «Мы заўсёды вінныя памятаць, што грузінская нацыя годная быць незалежнай. Мы прыехалі пацвердзіць вашую суверэннасць, вашую незалежнасць, вашую тэрытарыяльную цэласнасць», - дадаў Юшчанка.

«Вы ніколі ня будзеце самотнымі. Я дзякую за ўкраінскія сцягі на гэтым пляцы. Гэта кажа аб тым, што нас мільёны. І таму я сваё прывітанне сяброўскаму грузінскаму народу жадаў бы скончыць святымі словамі - незалежная Грузія ёсць, незалежная Грузія вечна будзе. Слава кожнаму з вас, хто ў самыя цяжкія гадзіны для сваёй айчыны прыйшоў на майдан. Таму слава кожнаму з вас і слава Грузіі», - заявіў Прэзідэнт Украіны.

Лех Качыньскі: Мы спынім імперыю

«Мы тут — кіраўнікі пяці дзяржаваў: Польшчы, Украіны, Летувы, Латвіі і Эстоніі. Мы тут, каб прыняць бой», — заявіў на масавым мітынгу ў Тбілісі прэзідэнт Польшчы Лех Качыньскі.

У сваёй эмацыйнай прамове ён сказаў: «Упершыню за доўгі час нашы суседзі паказалі свой твар, які нам сотні гадоў знаёмы Гэтыя суседзі лічаць, што народы вакол іх вінныя ім падпарадкоўвацца. Мы прамаўляем «не».

Качыньскі працягваў: «Тая краіна лічыць, што даўнія часы імперыі вяртаюцца, што зноў панаванне будзе рысай нашага рэгіёну. Ня будзе. Тыя часы скончыліся аднойчы і назаўсёды».

Качыньскі нагадаў, што праз тое панаванне прайшлі ўсе народы Ўсходняй Еўропы адначасова. І гэта было няшчасцем для народаў, заявіў ён.

Ён ахарактарызаваў дзеянні Расеі як ламанне людскіх характараў, навязванне чужога ладу, навязванне чужой мовы.

«Сёння мы тут разам. Сёння свет змог зрэагаваць, нават калі не жадаў гэтай рэакцыі. Мы тут, каб мір зрэагаваў яшчэ больш моцна — асабліва Еўрапейскі Звяз і NATO,” — заявіў лідэр Польшчы.

Ён прызнаў, што калі ініцыяваў прылёт кіраўнікоў краінаў рэгіёну ў Тбілісі, «то думаў, што прэзідэнты спалохаюцца. Ніхто не спалохаўся, усе прыехалі, бо ў Цэнтральнай Еўропе адважныя лідэры. Жадаў бы заявіць не толькі вам тут, але і Еўрапейскаму Звязу, што з Цэнтральнай Еўропай, з Грузіяй, з усім нашым рэгіёнам трэба будзе лічыцца, што мы суб'ект, а не аб'ект палітыкі.”

Па меркаванню Качыньскага, перакананне, што прыналежнасць да ЕЗ і НАТА пакладзе канец расейскім апетытам, - гэта памылка. Але, заявіў ён, «мы здолеем гэтаму супрацьстаць». «Калі еўрапейскія каштоўнасці - гэта не пустое слова, то ўся Еўропа вінная быць тут сёння», — сказаў ён.

Валдас Адамкус: «Будзем стаяць разам, і перамога будзе на нашым боку»

Прэзідэнт Летувы Валдас Адамкус, прамаўляючы на мітынгу, заявіў: «Будзем стаяць разам, і перамога будзе на нашым боку».

Прэм'ер-міністр Латвіі Івар Гадманіс зазначыў, што "усе латышы сёння душой і сэрцам стаяць сёння поруч з грузінскім народам". Ён зазначыў, што "у кожнай краіны бываюць цяжкія дні і вырашальны момант". "Ня важна, наколькі моцная вайсковая сіла супрацьстаіць людзям. У выніку народ заўсёды пераможа. Мы ўсё будзем з вамі, і няхай Бог абароніць вас!" - сказаў ён.

Таомас Ільвес: No pasaran!

«Калі пад агнём знаходзіцеся вы, пад агнём таксама і мы. Калі атакуецца вашая воля, атакуецца таксама і нашая воля», - заявіў прэзідэнт Эстоніі Тоамас Ільвес на мітынгу ў Тбілісі. - Грузія сёння стала ахвярай агрэсыі. Мы, пражылыя дзясяткі гадоў пад савецкай агрэсыяй, ведаем гэта лепей за ўсё».

«Я бы нагадаў адзін лозунг, які выкарыстоўвалі ў мінулых стагоддзях барацьбіты супраць фашызму ў Гішпаніі: No pasaran!», - сказаў напрыканцы свайго выступу кіраўнік эстонскай дзяржавы. («Яны ня пройдуць!» - дэвіз гішпанскіх рэспубліканцаў, якія змагаліся ў 30-я гады супраць войскаў мяцежнага генерала Франка і нямецкіх частак, што яго падтрымлівалі).

Фота yahoo.com

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках