Выходзіць на волю актывістка, затрыманая за акцыю ў падтрымку Грузіі (Фота)
2- 21.08.2008, 12:16
21 жніўня, а 14 гадзіне на волю з турмы на вуліцы Акрэсьціна ў Менску выходзіць актывістка “Маладога Фронту” Людвіся Атакулава.
Нагадаем, што актывістка была асуджаная на 10 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у акцыі каля амбасады Расеі 11 жніўня. Такую пастанову прыняў 12 жніўня суд Цэнтральнага раёну Менску. Атакулаву абвінавацілі ў парушэнні правілаў правядзення масавых мерапрыемстваў (артыкул 23.34 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях).
Акцыю ў падтрымку Грузіі актывісты арганізацыі «Малады Фронт» праводзілі ля амбасады Расеі ў Менску. 15 актывістаў арганізацыі дашлі да пасольства з плякатамі «Спыніць агрэсыю», «Расея-Грузія: вайна ў міратворчых мэтах?», «Адна шостая частка сушы – няўжо гэтага мала?»
Удзельнікі акцыі паспелі перадаць петыцыю супрацоўнікам амбасады. Усяго пікет доўжыўся каля 10 хвілін. Затым прыбылі супрацоўнікі міліцыі. Затрымлівалі актывістаў брутальна – міліцыянеры былі ўзброенымі аўтаматамі, актывістам заломлівалі рукі. У знак пратэсту яны селі на зямлю. У выніку ў міліцэйскія машыны затрыманых заносілі на руках.



