Беларускі Хельсінскі камітэт правярае падатковая інспекцыя
- 7.08.2008, 8:50
5 жніўня ў офіс Беларускага Хельсінкскага камітэта зайшлі супрацоўнікі інспекцыі Маскоўскага раёну Менску па падатках і зборах.
Мэтай свайго візіту яны назвалі правядзенне пазаплянавай комплекснай праверкі бухгалтарскай дакументацыі, а таксама рухі фінансавых сродкаў БХК. Падаткавікоў цікавіла: адкуль у арганізацыі бяруцца сродкі на арэндны поплатак і камунальныя выдаткі,
аплачваныя праваабаронцамі?
Пры гэтым правяральнікі зазначылі, што ініцыятыва правядзення праверкі належыць не самой раённай падатковай інспекцыі, а такі ўказ да іх паступіў «зверху».
Паколькі падчас наведвання падаткавікамі ў офісе адсутнічала кіраўніцтва «Беларускага Хельсінкскага камітэту», праверка не пачалася. Па выніках візіту быў складзены «Акт абследавання (агляду) рухомай і нерухомай маёмасці, памяшканняў і тэрыторыяў, дзе могуць знаходзіцца аб'екты, якія падпадаюць пад падаткаабкладанне альбо выкарыстоўваюцца для вымання прыбытку». Інспектары перад сыходам паведамілі, што праверка пачнецца, калі з'явіцца кіраўніцтва арганізацыі.
6 жніўня супрацоўнікі інспекцыі Маскоўскага раёну звязаліся з старшынёй БХК Алегам Гулакам і запрасілі сустрэцца для перадачы яму адпаведнага дакументу.
Алег Гулак лічыць, што правядзенне комплекснай праверкі дзейнасці БХК падатковымі ворганамі менавіта цяпер, падчас выбарчай кампаніі, прадпрымаецца з мэтай адцягнуць сілы праваабаронцаў ад правядзення маніторынгу выбараў. Старшыня БХК таксама адзначае, што гэта ўспрымаецца як частка агульнай кампаніі па дыскрэдытацыі дэмакратычных структур і праваабаронцаў у прыватнасці. Праваабаронца не выключае, што праверка ажыццяўляецца таксама з мэтай запалохвання актывістаў арганізацыі.