У Гародні затрымалі аднаго зь лідэраў Саюза палякаў Беларусі
4- 5.09.2008, 11:41
4 верасьня ўвечары міліцыянты затрымалі і даставілі ў Кастрычніцкі РАУС Горадні Мечыслава Яскевіча — намесьніка старшыні Саюза палякаў Беларусі.
Як паведаміў “Радыё Свабода” па тэлефоне Мечыслаў Яскевіч, пасьля затрыманьня ў машыне на вуліцы Кабяка яго даставілі ў Кастрычніцкі РАУС Горадні.
У міліцыянтаў выклікалі падазрэньне польскамоўныя выданьні “Magazyn Polski na uchodzstwie” i “Glos znad Niemna na uchodzstwie”, разам іх быў 51 асобнік. Часопіс і газэту забралі і склалі пратакол аб канфіскацыі. Мечыслаў Яскевіч зазначае: міліцыянты сказалі, што прачытаюць зьмест, каб пераканацца, што там няма нічога супраць улады і яе кіраўнікоў.
Затым затрыманаму сказалі, што зьверху паступіла каманда зрабіць ператрус у яго ў кватэры. Аднак ён запатрабаваў, каб быў ордэр. Міліцыянты павезьлі яго ў Кастрычніцкую раённую пракуратуру, але санкцыі на ператрус не атрымалі і мусілі спадара Яскевіча адпусьціць.