Ад незалежнага дэпутата хаваюць рэгламент сесіі
- 27.01.2009, 8:48
Апазіцыйнаму дэпутату Мастоўскага раённага Савета дэпутатаў Зміцеру Кухлею адмовілі ў азнаямленні з рэгламентам сённяшняй сесіі.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў сваё рашэнне нічым не аргументаваў, перадае «Радыё Рацыя».
Згодна з рэгламентам раённага Савета, дэпутаты павінны за тры дні да пачатку сесіі азнаёміцца з парадкам працы і ўнесці свае прапановы. Аднак, паводле словаў Зміцера Кухлея, патрабаванне на практыцы традыцыйна ігнаруецца.
Старшыня Мастоўскага раённага Савета дэпутатаў Георгі Каробка адмовіўся адказаць, на якой падставе дэпутат Зміцер Кухлей не азнаёмлены з парадкам працы сённяшняй сесіі, спаслаўшыся на занятасць.
Зміцер Кухлей лічыць, што дзеянні старшыні раённай Рады дэпутатаў Георгія Каробкі парушаюць правы дэпутатаў і з'яўляюцца ігнараваннем сваіх прафесійных абавязкаў.