Парадак выезду беларусаў за мяжу адрэгулююць наноў
7- 27.01.2009, 8:57
Новы законапраект, які рэгулюе парадак выезду з Беларусі і ўезду ў краіну грамадзянаў РБ, абмяркуе сёння Пастаянная камісія па правах чалавека, нацыянальных стасунках і СМІ «палаты прадстаўнікоў» «нацыянальнага сходу».
«Дэпутаты» рыхтуюць гэты дакумент да разгляду на сесіі ў першым чытанні. Ён накіраваны на забеспячэнне канстытуцыйнага права грамадзянаў нашай краіны свабодна пакідаць Рэспубліку Беларусь і бесперашкодна вяртацца назад.
Значная частка законапраекта датычыцца парадку выезду непаўнагадовых грамадзянаў Беларусі. Вызначана, што яны могуць выязджаць з Беларусі ў суправаджэнні аднаго з законных прадстаўнікоў без згоды другога. У выпадку калі адзін з законных прадстаўнікоў не згодзен, ён мае права звярнуцца ў суд з заявай аб вызначэнні іншага парадку выезду, за выключэннем выпадкаў, калі непаўнагадовы выязджае для лячэння і аздараўлення, прапісана ў праекце закона. На падставе рашэння суду аб вызначэнні парадку, адрознага ад агульнага правіла, звесткі аб дзіцяці і вызначаным судом парадку яго выезду ўключаюцца ў банк звестак аб грамадзянах, права на выезд якіх часова абмежавана, нагадвае БелТА.
У нарматыўным акце вызначаныя адзіныя падставы для часавага абмежавання права грамадзянаў на выезд з Беларусі. Замацавана, што грамадзяніну, гэтае права якога часова абмежавана, можа быць дазволены выезд на пэўны тэрмін у сувязі з неабходнасцю яго тэрміновага лячэння ці ўдзелу ў крымінальным працэсе, а таксама з-за цяжкой хваробы ці смерці блізкага сваяка.