2 чэрвеня 2024, Нядзеля, 21:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як Нацбанк вешае нам лапшу на вушы

33

Старшыня Нацбанка Пётр Пракаповіч паспрабаваў перакласці адказнасць за аднамомантавую 20%-ную дэвальвацыю рубля на МВФ.

Аднак газета «Салідарнасць» адшукала цытату, якая абвяргае гэтае сцверджанне кіраўніка Нацбанка.

«Правядзенне разавай дэвальвацыі — гэта было патрабаванне МВФ, -- заявіў Пракаповіч на прэс-канферэнцыі 28 студзеня. – Мы тры месяцы ім даказвалі, што лепш у нашых умовах правесці плаўную дэвальвацыю, хаця спрэчкі пра памеры дэвальвацыі не было. Мы не змаглі давесці ім на падставе папярэдняга досведу карысць плаўнай дэвальвацыі… Мы не маглі рызыкаваць пагадненнем з МВФ занадта шмат было пастаўлена на шалі… У нас не было выбару».

Такім чынам, па версіі, якую ў сераду выказаў кіраўнік Нацбанка, тактыка дэвальвацыі была навязаная Міжнародным валютным фондам. Паміж радкамі відавочны перавод стрэлак: навагодні сюрпрыз беларускаму народу на сумленні праклятых буржуяў.

Аднак Пётр Пятровіч пра нешта забыўся.

«Міжнародны валютны фонд рэкамендаваў Нацыянальнаму банку знізіць курс беларускага рубля, але ад іх не было рэкамендацыяў па тактыцы, тактыку нам ніхто не навязваў. Мы самастойна абралі сцэнар аднамомантавага зніжэння курсу… Юрыдычна рашэнне пра зніжэнне курсу нацвалюты было прынятае праўленнем НББ па ўзгадненні з прэзідэнтам Беларусі».

Гэтая цытата з інтэрв'ю начальніка праўлення інфармацыі Нацыянальнага банка Анатоля Драздова ў інтэрв'ю агенцтву «Інтэрфакс» 5 студзеня. Такім чынам, хтосьці з прадстаўнікоў Нацбанка ўводзіў грамадскасць у зман. І чамусьці думаецца, што гэта быў не Драздоў.

А вось яшчэ адно сведчанне шчырасці прадстаўнікоў Нацбанка . Вашай увазе прапаноўваецца фрагмент снежаньскага інтэрв'ю першага намесніка старшыні праўлення Нацбанка Паўла Калаўра штотыднёвіку «Беларусы і рынак»:

Гэта значыць пытанне аб разавай дэвальвацыі, напрыклад на 20%, наогул не стаіць?

— Мы не разглядаем. 20-адсоткавая дэвальвацыя — гэта шмат. Гэта даволі хваравітая працэдура, і каб такую працэдуру правесці, трэба тысячу разоў падумаць. Стан нашага плацёжнага балансу не настолькі жудасны, каб ісці на такую меру, як разавая 20-адсоткавая дэвальвацыя.

Так вы кажаце, Пётр Пятровіч, спрэчкі з МВФ пра памеры дэвальвацыі не было? Вы тры месяцы абмяркоўвалі, як гэта рабіць: плаўна ці рэзка? Што ж тады ваш намеснік у снежні сцвярджаў, што варыянт з 20%-най дэвальвацыяй нават не разглядаецца?

На працягу працяглага часу Нацбанк заклікаў суайчыннікаў захоўваць свае зберажэнні ў беларускіх рублях, паўтараючы, што стабільнасці нашай валюты нічога не пагражае. Асабліва часта падобныя запэўніванні гучалі ў канцы 2008 года, калі ўжо было відавочна, што дэвальвацыя непазбежная. Чыноўнікі свядома падманвалі простых беларусаў. І, трэба прызнаць, небеспаспяхова: шмат хто верыў, што рублю абясцэньванне не пагражае.

Зараз Нацбанк, з аднаго боку, хоча атрымаць у беларусаў новы крэдыт даверу, а, з другога, працягвае вешаць ім лапшу на вушы. Як бачна з прыведзеных вышэй цытатаў, з сумленнасцю ў галоўнага банка краіны яшчэ большыя праблемы, чым з грашыма.

Напісаць каментар 33

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках