19 красавiка 2024, Пятніца, 19:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Былыя палітвязні не разлічваюць на паляпшэнне сітуацыі ў краіне

2

Былыя палітвязні, асуджаныя за ўдзел у акцыях прадпрымальнікаў у пачатку 2008 года, не спадзяюцца на паляпшэнне палітычнай і эканамічнай сітуацыі ў краіне.

"У лібералізацыю ў Беларусі я не веру наогул. Пры цяперашняй уладзе гэта немагчыма. Гэта раўназначна таму, што прэзідэнт возьме і сам сыдзе са сваёй пасады. Гэта будзе першая і апошняя праява лібералізацыі, але гэта ўтопія", — сказаў у інтэрв'ю БелаПАН актывіст грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Аляксандр Баразенка.

На яго думку, фінансавы крызіс "вельмі балюча" ударыць па Беларусі. "Але што рабіць? Будзем рабіць запасы ў танных крамах. Соль, запалкі ўжо набытыя, зараз трэба за макаронамі ехаць", — пажартаваў А.Баразенка.

З А.Баразенкам згодны Сяргей Парсюкевіч. "Будзе стварацца бачнасць лібералізацыі для Еўропы, для Амерыкі, у некаторай ступені — для насельніцтва. Як заўсёды, усім будуць распавядаць пра тое, што ў нас усё добра, усё прыгожа. Але крызіс, ён на тое і крызіс, што аднымі словамі яго вырашыць не атрымаецца. А Лукашэнка на тыя дзеянні, якія неабходна правесці, на антыкрызісныя меры, не здольны. Бо ён ведае, што калі гэта будзе, дык ён страціць уладу. А для яго гэта, мякка кажучы, вельмі вялікія праблемы", — сказаў С.Парсюкевіч.

Андрэй Кім лічыць, што ступень палітычных і эканамічных свабодаў залежыць перш за ўсё ад беларускага грамадства. "Я думаю, што трэба глядзець не толькі на прадпрымальнікаў, трэба глядзець на грамадства. Трэба бачыць, чаго яно хоча. Не трэба змагацца з эканамічнай сістэмай, ці палітычнай сістэмай, з Лукашэнкам ці кімсьці яшчэ. Трэба змагацца з тым, што з'яўляецца ў нашым грамадстве найбольшай праблемай, — гэта апатыя, бездухоўнасць і страх. Калі мы разбурым гэтую аснову ў 2009 годзе ці праз год, дык ўсе астатнія нашыя праблемы проста знікнуць разам з ўсім, што нас зараз атачае. І ў нас усё будзе добра", — заявіў А.Кім.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках