12 траўня 2024, Нядзеля, 10:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

300 тысяч беларусаў працуюць непоўны працоўны тыдзень

32
300 тысяч беларусаў працуюць непоўны працоўны тыдзень

Лічбы вымушанага беспрацоўя велізарныя. 120 тысяч чалавек з 300 тысяч працуючых у рэжыме непоўнай занятасці ўвогуле не атрымліваюць зарплату.

Паводле дадзеных Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, якія днямі агучыў яе старшыня Леанід Козік, сёння ў краіне каля 300 тысяч чалавек працуюць на непоўны працоўны тыдзень.

«Наш маніторынг паказвае: каля 300 тысяч чалавек працуюць у рэжыме непоўнай занятасці. Гэта лічба нашмат больш жорсткая за тую, якой аперуюе ўрад. Але што больш за ўсё нас хвалюе: прыкладна 40 адсоткаў з гэтых 300 тысяч увогуле не атрымліваюць грошы. Яны знаходзяцца ў адпачынках за свой кошт. І гэта, натуральна, абсалютна ненармалёва», -- заявіў Козік у інтэрв’ю «Советской Белоруссии».

«Еўрарадыё» даведалася, ці запытвалі ў гэтых людзей згоду на такое «скарачэнне» іх працоўнага графіка.

Як патлумачыў загадчык юрыдычнай кансультацыяй Федэрацыі прафсаюзаў Уладзімір Шалковіч, кіраўніцтва і не мусіць пытацца ў сваіх працаўнікоў. Наадварот – можа пакараць звальненнем за нязгоду з такім рашэннем адміністрацыі.

«Наймальнік ставіць перад фактам, што ў нас склалася такая сітуацыя, і з наступнага тыдня будзем працаваць чатыры дні. Хтосьці кажа: «Калі такая сітуацыя – папярэджвайце нас і будем у рамках закона ўсё вырашаць». У дачыненні такіх працоўнікоў месяц захоўваецца былы працоўны рэжым, а потым валявым рашэннем наймальніка ўводзіцца новы. Калі ж нехта кажа, што яны хацелі б працаваць, як і раней, то ў адносінах да іх месяц захоўваецца ранейшы рэжым працы, а потым іх звальняюць па пункце 5 артыкула 35. Пры гэтым, самі супрацоўнікі ніякіх заяваў не пішуць – гэта ўсё воля кіраўніка», -- сцвярджае Уладзімір Шалковіч.

Тое, што кіраўніцтва не пытаецца згоды працаўнікоў пра перавод іх на працу па скарочаным графіку, пацвердзіў і працоўны МАЗа Уладзімір Другакоў. Паводле яго словаў, калі раней ён і яго калегі атрымлівалі больш за 1 мільён рублёў зарплаты, то зараз атрымліваюць 800-900 тысяч у месяц. Хтосьці шукае сабе падпрацоўку, а хтосьці і ўвогуле звальняецца.

«Сярэдняя зарплата у нас была каля мільёна рублёў пры поўным працоўным тыдні. А калі працаваць толькі 15 дзён на месяц, то выходзіць недзе 800-900. Каму гэтага не хапае, знаходзяць падпрацоўку. Іншыя - сыходзяць», -- заяўляе працоўны МАЗа.

Паводле словаў Другакова, асабліва пакутваюць тыя, хто вымушаны здымаць кватэру ці выплачваць крэдыт. А тых, хто думае пра звальненне, становіцца усё больш, кажа працаўнік МАЗа. Людзі не вераць, што сітуацыя на заводзе можа хуткім часам выправіцца.

Такая ж сітуацыя, паводле аднаго з лідэраў незалежных прафсаюзаў Беларусі Аляксандра Ярашука, сёння склалася і на іншых беларускіх прадпрыемствах.

«Гэтыя праблемы тычацца ўсіх машынабудаўнічых прадпрыемстваў, - заяўляе Ярашук. --Напрыклад, Трактарнага завода, і тых прадпрыемстваў, якія працуюць над яго абслугоўваннем. А таксмама станкабудаўнічай прамысловасці».

Як адзначае Ярашук, уся эканамічная палітыка беларускіх уладаў зводзіцца да чакання, калі адкрыецца расейскі рынак, і беларускую прадукцыю зноў можна будзе туды прадаваць.

Паводле Ярашука, бліжэйшым часам людзей, якія працуюць непоўны працоўны тыдзень, не паменее. Акрамя таго ў лічбу ў 300 тысяч, названую Козікам, лідэр незалежных прафсаюзаў не верыць.

Ярашук заяўляе, што ў рэжыме непоўнай занятасці працуе значна больш жыхароў Беларусі. Аднак, ён згодны з тым, што каля 40% з гэтых людзей знаходзяцца ў вымушаных адпачынках за свой кошт. А гэта, нават па афіцыйных звестках, 120 тысяч чалавек, якія ўвогуле не атрымліваюць ніякай зарплаты. Іх колькасць, паводле яго словаў, будзе расці.

Напісаць каментар 32

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках