23 красавiка 2024, aўторак, 20:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Таварышы, канец!

25
Таварышы, канец!

Сайт www.charter97.org публікуе фатаграфіі забароненай беларускімі ўладамі выставы пра венгерскую Рэвалюцыю -- «Свабода і дэмакратыя».

Напярэдадні амбасадар Венгерскай Рэспублікі Феранц Контра адказаў на пытанні www.charter97.org.

-- Спадар Амбасадар, што значыць для Вас і Вашай краіны гэтая выстава?

-- 23 кастрычніка венгерскі народ святкуе 53 гадавіну рэвалюцыі 1956 года. Праз некалькі дзесяцігоддзяў, роўна 20 гадоў таму, у гэты ж дзень была абвешчаная Венгерская Рэспубліка. Гэта дзве самыя яскравыя падзеі 20 стагоддзя ў гісторыі нашай краіны. Гэта нашае нацыянальнае свята, і з гэтай нагоды мы хацелі паказаць выставу, якая ў 20 частках дэманструе 20 гадоў нашай гісторыі.

Мы дамовіліся з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі пра кошт, пра дату, пра месца правядзення выставы і прыёма з нагоды венгерскага нацыянальнага свята, аднак за восем дзён да гэтай даты нам адмовілі. Без тлумачэнняў. Тобок тлумачэнне было наступным: у нас ёсць свая выстава, і мы не можам размясціць вашую. Я павінен падкрэсліць, што мы хацелі выставіць як фатаграфіі гістарычных падзеяў, гэтак і здымкі сучаснай Венгрыі, яе купальняў, каб паказаць, як турыстам прыемна бавіць час у нашай краіне. Але нам не далі такой магчымасці. Мы вельмі шкадуем пра гэта, але прынялі гэта да ўвагі.

-- Як Вы лічыце, наколькі важна было для беларусаў убачыць гэтую выставу?

-- Я не хацеў бы даваць вам прамы адказ на гэтае пытанне. Я скажу, што гэтая выстава важная для нас. Чаму я пазбягаю прамога адказу? Гэтая выстава называецца «Свабода і дэмакратыя». Свабода і дэмакратыя ў Венгрыі, пра тое, як 20 гадоў таму мы навучыліся размаўляць з апазіцыяй.

Тут ёсць фатаграфіі, на якіх бачна, як міліцыя ганяецца за апазіцыянерамі, якія потым сталі палітыкамі, міністрамі, дэпутатамі парламента.

Тут ёсць інфармацыя пра тое, што ў нас 20 гадоў таму адбыўся круглы стол, за які селі ўлада і апазіцыя і дамовіліся, што змена сацыялістычнай сістэмы, якая зжыла сябе, адбудзецца мірна. Гэта важныя гістарычныя падзеі. Затым прайшлі свабодныя парламенцкія выбары, і апазіцыя прыйшла да ўлады.

Гэтая выстава важная для нас. Яна перакладзеная на пяць ці шэсць моваў і з поспехам прайшла ў розных краінах свету, у тым ліку ва Украіне і Расеі. Нідзе не было праблемаў з гэтай выставай, толькі ў Беларусі, і я вельмі шкадую пра гэта.

-- А чаму менавіта ў Беларусі, на Ваш погляд, узніклі праблемы?

-- Я думаю, што сама назва выставы для некаторых людзей гучыць дзіўна. Ніхто не прасіў у нас матэрыялы загадзя, пра гэта казалі толькі ў мяне ў кабінеце ці ў карэспандэнцыі з Будапештам. Не ведаю. Відаць, хтосьці падумаў: а навошта нам выстава?

Калі людзі цікавяцца, калі яны хочуць знаёміцца з гісторыяй Венгрыі, нам гэта вельмі прыемна. Я не ведаю, каму не спадабалася гэтая выстава. Але я ўсёткі думаю, што гэтае рашэнне – не даць нам магчымасць паказаць, павярнулася супраць таго ці тых людзей, якія забаранілі. Зараз узнік ажыятаж. Мы чытаем на сайтах і ў блогах, што людзі хочуць ведаць, дзе можна паглядзець выставу.

Я буду вам вельмі ўдзячны, калі сайт Хартыі’97 размесціць фатаграфіі з выставы. Я думаю, чым больш людзей змогуць азнаёміцца з гэтай выставай – тым лепш. Падчас учорашняга прыёму мы маглі паказаць выставу толькі гасцям, а гэта ўсяго 200-250 чалавек. А так выстава будзе дасягальная для ўсіх, хто цікавіцца нашай гісторыяй.

ВЕНГРЫЯ: АД ПАДЗЕННЯ ЖАЛЕЗНАЙ ЗАСЛОНЫ ДА ДАЛУЧЭННЯ ДА ШЭНГЕНСКАЙ ЗОНЫ

У 1956 годзе венгры беглі на Захад

Калона савецкіх танкаў у цэнтры Будапешта

Тыя, хто ратуецца ад залпу 25 кастрычніка 1956 года ля Парламента

Рэпрэсіі плаўна перайшлі ў "мяккую дыктатару". Сялян заганялі ў калгасы

Янаш Кадар і Мікіта Хрушчоў, савецкі генсек (1958 г.)

У параўнанні з астатнімі сацыялістычнымі краінамі ў Венгрыі быў больш шырокі выбар прадуктаў харчавання

Прэм'ера рок-оперы Левентэ Сёрэні і Янаша Бродзі «Кароль Іштван» адбылася ў 1983 годзе. Публіка з вялікім натхненнем і спачуваннем прымала з'яўленне на сцэне нацыянальных пачуццяў, якія ўціскаліся ў гады сацыялізму.

Феранца Кёсега, удзельніка дэмакратычнай апазіцыі пераследуюць паліцэйскія ў цывільным (1982 г.)

У канцы 1980-ых гадоў апазіцыя збіралася ў Тэатры Юртa

Распад сістэмы Кадара. Экалагічная дэманстрацыя супраць будаўніцтва электрастанцыі на Дунаі

Перапахаванне Імрэ Надзя і яго паплечнікаў, забітых падчас і пасля рэвалюцыі 1956 года

На 40-метровым участку мяжы ля паселка Хедзьке (Hegyko) рэканструявалі жалезную заслону ў памяць тых, хто здолеў яго пераадолець, і ў памяць тых, хто паплаціўся жыццём.

Дэмантаж тэхнічных загародаў мяжы распачаўся ранняй вясной 1989 года

Пан'еўрапейскі пікнік. Пасля адкрыцця брамы людзі рынуліся ў Аўстрыю

Уцекачы з ГДР у Венгрыі. Частка ўцекачоў была размешчаная ў піянерскім лагеры ў Чылеберце

Будапешцкая моладзь 13-га жніўня 1989 года патрабуе разбурэння берлінскай сцяны

Нацыянальны круглы стол: падрыхтоўка да змены ладу

"Таварышы, канец!" – самы эфектны плакат перадвыбарчай кампаніі. Патыліца апошнягя савецкага ваеннаслужачага, генерал-лейтэнанта Віктара Шылава, які 19 чэрвеня 1991 г. пакінуў Венгрыю

Венгрыя – чалец НАТА. Прэм'ер-міністр Віктар Орбан (у цэнтры) і яго кааліцыйныя партнёры, а таксама чальцы ўрада, якія адыгралі важную ролю ва ўваходжанні ў НАТА

Венгерскія вайскоўцы, служачы ў замежных місіях, робяць свой унёсак у захаванне міжнароднай бяспекі

Далучэнне да Еўрапейскага Звяза. Скончыўся працэс эўра-атлантычнай інтэграцыі. З 1 траўня 2004 г. Венгрыя з'яўляецца чальцом Еўрапейскага Звяза



УСЮ ВЫСТАВУ МОЖНА ПАГЛЯДЗЕЦЬ НА САЙЦЕ АМБАСАДЫ ВЕНГРЫІ Ў БЕЛАРУСІ

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках