Мабільныя аператары маюць намер заблакаваць усе «шэрыя» тэлефоны
93- 27.10.2009, 10:54
У Беларусі ўсёткі ўвядуць закон супраць «шэрых» мабільных тэлефонаў. Па гэтым законе будзе створаная база IMEI-нумароў.
У яе ўвойдуць усе «белыя» тэлефоны. Калі ж тэлефон «шэры», дык працаваць у сетках беларускіх аператараў ён не будзе.
Закон ужо прайшоў другую дапрацоўку і зараз узгадняецца ўсімі зацікаўленымі ведамствамі. Пачне дзейнічаць ён у 2010 ці, можа, нават у 2009 годзе, — прагэта «Еўрарадыё» распавёў начальнік аддзела Генпракуратуры па наглядзе і дазнанні Слаўдзі Магамадаў.
«Зараз сканчаецца ўзгадненне закона ва ўсіх ведамствах», - паведаміў супрацоўнік Генпракуратуры.
Усе новыя тэлефоны, якія будуць увозіцца ў Беларусь, будуць унесеныя ў базу, і яны будуць лічыцца «белымі». А што ж рабіць са старымі тэлефонамі ці з тымі, якія набытыя, напрыклад, у Маскве, у адзінай мытнай прасторы? У першым варыянце закона іх можна легалізаваць за грошы.
«У новым варыянце закона там не патрабуецца якіх-небудзь фінансавых выдаткаў, каб яго легалізаваць. Там вельмі спрошчаная працэдура, таму пытанняў не будзе ўзнікаць», - адзначыў Магамадаў.
У кожнага чалавека нумар павінен быць індывідуальным, але сёння ў Беларусі сотні тысячаў тэлефонаў з аднолькавымі IMEI-нумарамі.
«27 тысячаў — гэта адзін факт з адным нумарам, але ў цэлым па рэспубліцы іх колькасць сотняў тысячаў дасягае», -- прызнаўся чыноўнік.
Тэлефоны можна будзе легалізаваць і прысвоіць ім індывідуальны нумар, але як гэта будзе адбывацца — ніхто пакуль не ўяўляе.
Аднак у пракуратуры не выключаюць, што могуць быць накладкі.
«Не выключана, што будуць узнікаць праблемы. Хтосьці заключае дамову на абслугоўванне яго тэлефона, а нумар супадае з тым, які ўжо абслугоўваецца. Ну, тут будуць праваахоўныя органы высвятляць, адкуль, якім чынам і дзе набылі тэлефон», - сказаў Магамадаў.
Магамадаў запэўнівае, што правы людзей пры гэтым парушацца не будуць. Нікога не адключаць знянацку ці гвалтоўна. Галоўнае для міліцыі — высветліць, адкуль гэты тэлефон. Каб прыпыніць пастаўкі «шэрага» імпарту.
Супрацоўнік Генпракуратуры кажа, што асноўная маса «шэрых» тэлефонаў сабраная не на заводах і не адпавядае нормам. Але Аляксандр Стэльмах, дырэктар кампаніі «Анлайнер», кажа, што, збольшага, тэхнічна «шэрыя» тэлефоны не адрозніваюцца ад «белых».
«Тэхнічна яны не адрозніваюцца нічым. Такія тэлефоны прывозяць з Украіны і там ёсць свой «Укрчастотнагляд», які правярае апараты. Галоўнае, што гэты тэлефон не прайшоў сертыфікацыю ў Беларусі і за яго не былі выплачаныя пошліны і падаткі», - паведаміў спецыяліст.
Зразумела, пракуратура абараняе інтэрасы дзяржавы, якая не атрымлівае грошы. Але для пакупніка «белыя» тэлефоны ў нашай краіне занадта дарагія. Так, напрыклад, «шэры тэлефон» Nokia 5800 каштуе 350 даляраў, аналагічны варыянт у «Еўрасетцы» — 688. Samsung c5212 Duos «шэрага колеру» можна набыць за 159 даляраў, а «беленькая» мадэль абыйдзецца ў 779 тысячаў рублёў (287 даляраў). У пракуратуры спадзяюцца на аператараў, якія ўжо зараз прывозяць легальныя тэлефоны і прадаюць іх па нізкім кошце для сваіх абанентаў. Але ці здольныя яны задаволіць патрэбы рынка?
А што ж бывае з тымі «шэрымі» тэлефонамі, якія паспяваюць перахапіць нашыя праваахоўнікі? Іх, зразумела, канфіскуюць ва ўладальніка. Далей іх правераць. Калі ж высвятліцца, што яны завадскія, яны патрапяць у продаж, а прыбытак пойдзе на карысць дзяржавы. І — вось цуд! — «шэры» тэлефон становіцца «белым». І ніводнай плямы.
Якія ж існуюць шляхі змяншэння колькасці «шэрых» тэлефонаў у Беларусі?
Не трэба далёка хадзіць, кажа Аляксандр Стэльмах. Нашыя суседзі абралі два варыянты. Расея лібералізавала рынак мабільных тэлефонаў. Там прасцей стала легальна прывозіць тэлефоны. І зараз колькасць «шэрага» рынка там складае каля 10 адсоткаў. Украіна ж пайшла па шляху, які абрала Беларусь. Там створаная база IMEI-нумароў з 80 мільёнаў мабільных, якімі ўжо карыстаюцца. Новы тэлефон, які ўвозіцца ў краіну, павінен быць «белым» — інакш ён проста не будзе працаваць. А колькасць «шэрых» мабільных там блізкая да 90 адсоткаў, як і ў Беларусі.
Калі закон усёткі будзе прыняты, наступствы могуць быць рознымі. Падвысяцца кошты на тэлефоны, зразумела. З'явіцца чорны рынак перапрашыўкі. Аператары, якія ізноў пачалі нарошчваць абаненцкую базу, могуць страціць тэмпы. Таксама тром беларускім аператарам прыйдзецца ўводзіць праграмна-апаратны комплекс, каб сачыць за IMEI-нумарамі, а гэта ім абыйдзецца ў 10 мільёнаў даляраў. І не факт, што сам закон яшчэ будзе працаваць. Паколькі механізмаў пакуль няма. Сёння ў пракуратуры кажуць, што галоўнае — прыняць закон і прынцыповае рашэнне стварыць базу нумароў. А потым будуць распрацоўвацца механізмы.