17 траўня 2024, Пятніца, 3:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Цэнзура ўзмацняе жорсткасць: «Аўтарадыё» прыстрашылі закрыццём

38

«Аўтарадыё» атрымала афіцыйнае папярэджанне Мініінфармацыі «за незахаванне творчай канцэпцыі».

Як паведаміў БелаПАН дырэктар «Аўтарадыё» Юры Базан, 29 верасня Мініінфармацыі запытала запіс праграмы ЕўраZOOM ад 28 верасня і абгрунтаванне выпуску гэтай перадачы.

Базан патлумачыў, што канцэпцыя і змест ЕўраZOOM скаардынаваныя і ўхваленыя Еўракамісіяй у межах яе цяперашняй палітыкі ў дачыненні да Беларусі. Матэрыялы для праграмы рыхтуе ў Варшаве «Еўрапейскае радыё для Беларусі», яе вытворчасць ажыццяўляе «Аўтарадыё». З 1 чэрвеня гадзінная праграма выходзіла на хвалях «Аўтарадыё» штотыдзень, а з 1 верасня — кожны дзень акрамя выходных.

30 верасня кіраўніцтва радыёстанцыі атрымала папярэджанне, дзе адзначалася, што «у выніку маніторынгу эфіру было выяўлена незахаванне заяўленай творчай канцэпцыі наземнага эфірнага тэлерадыёвяшчання ў частцы аб'ёму перадачаў уласнай вытворчасці і тэматычнага напаўнення».

«Аўтарадыё» было загадана «да 1 кастрычніка 2009 года прыняць меры па выкананні заяўленай творчай канцэпцыі». У адваротным выпадку рэгістрацыя гэтага радыё можа быць ануляваная ці прыпыненая Рэспубліканскай камісіяй па тэлебачанні і радыёвяшчанні на тэрмін да аднаго месяца.

1 кастрычніка «Аўтарадыё» звярнулася ў Мініінфармацыі з просьбай патлумачыць, якая менавіта перадача не адпавядае творчай канцэпцыі і ў чым выяўляецца гэтая неадпаведнасць.

Базан сказаў, што 1 кастрычніка яны знялі з эфіру праграму ЕўраZOOM, паколькі запіс менавіта гэтай перадачы быў запытаны для маніторынгу. Паводле яго словаў, палову перадачы займае музыка. ЕўраZOOM уключае 10-хвілінныя навіны, а таксама інтэрв'ю і рэпартажы.

2 кастрычніка радыёстанцыя накіравала на імя Русакевіча просьбу ўзгадніць магчымасць выпуску праграмы ЕўраZOOM, паколькі яна «дазваляе рэалізаваць у адносінах з Еўракамісіяй дадатковы вынік і значна падвысіць палітычны імідж Беларусі ў Еўропе і свеце». Да просьбы прыкладалася копія ліста кіраўніка прадстаўніцтва Еўракамісіі ў Менску Жана-Эрыка Хольцапфеля аб падтрымцы перадачы выканаўчым органам ЕЗ.

У аддзеле электронных СМІ Мініінфармацыі ад каментароў у сувязі з вынесеным папярэджаннем адмовіліся.

Юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец адзначыў «недапушчальнасць умяшання дзяржавы ў творча-змястоўную дзейнасць СМІ, калі яна не парушае заканадаўства». Ён лічыць, што нематываваныя адмовы пазбаўляюць СМІ магчымасці абараняць свае правы ў судзе.

Юрыст БАЖ адзначыў, што дзеянні Мініінфармацыі ў апошнія некалькі тыдняў «выклікаюць трывогу»: было адмоўлена ў рэгістрацыі некалькім выданням.

Напісаць каментар 38

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках