26 красавiка 2024, Пятніца, 7:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сенсацыйны праект швецкіх праваабаронцаў: 12 экспертаў пра 12 патрабаванняў Еўразвяза

20
Сенсацыйны праект швецкіх праваабаронцаў: 12 экспертаў пра 12 патрабаванняў Еўразвяза

У лістападзе Еўразвяз будзе разглядаць пытанне падаўжэння санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі.

У сувязі з гэтым праваабаронцы Швецыі – краіны, якая старшынюе ў ЕЗ, прапанавалі праект на сайце Youtube.

Няўрадавая арганізацыя Östgruppen запрасіла 12 вядомых беларускіх экспертаў даць ацэнку таму, наколькі ўлады Беларусі гатовыя выканаць 12 патрабаванняў Еўразвяза і распавесці пра сітуацыю з правамі чалавека ў краіне.

Як заявіў «Радыё Свабода» адзін з аўтараў праекту, кіраўнік Östgruppen Марцін Угла, «пакуль не выглядае, што Беларусь ідзе насустрач выкананню 12 патрабаванняў ЕЗ. Некалькі зрухаў у бок дэмакратыі, зробленых увосень 2008 года, з'яўляюцца касметычнымі. Па-ранейшаму дзейнічаюць рэпрэсіўныя законы, ажыццяўляецца пераслед іншадумцаў, адсутнічаюць умовы для правядзення свабодных і справядлівых выбараў».

Марцін Кута таксама падкрэсліў, што «Östgruppen не супраць дыялогу паміж Беларуссю і Еўразвязам, аднак гэта не павінна ісці супраць правоў чалавека».

Умова 1. Алег Гулак, старшыня Беларускага Хельсінкскага Камітэта

-- Патрабаванне свабодных і справядлівых выбараў, дэмакратызацыі заканадаўства і практыкі яго ўжывання, магчымасці назірання за выбарамі -- гэта адна з умоваў паляпшэння адносінаў Беларусі з Еўразвязам. Мы можам канстатаваць, што пакуль беларускае заканадаўства не змянялася. Практыка апошніх выбараў, выбараў 2008 года ў «парламент» паказала, што ўлады пры жаданні могуць правесці крыху лепшую кампанію нават пры гэтым заканадаўстве. Мы можам адзначыць, што ў гэтай кампаніі фактычна не было пераследу назіральнікаў, пашырыліся магчымасці для правядзення агітацыі, але, на жаль, да сённяшняга дня ўлады не выконваюць сваіх абяцанняў правесці змены ў выбарчым заканадаўстве, дэмакратычныя змены ў выбарчым заканадаўстве, якія абмяркоўваліся сумесна з БДІПЧ, сумесна са структурамі АБСЕ. Гэтае пытанне павінна было быць вынесенае на абмеркаванне грамадска-кансультатыўнага савета пры адміністрацыі прэзідэнта яшчэ ў красавіку, потым былі абяцанні разгледзець гэтае пытанне ў верасні. Зараз ужо кастрычнік, і пакуль ніякіх зрухаў у гэтым накірунку, на жаль, рэальна мы не бачым. Будзем чакаць і спадзявацца на лепшае.

Умова 2. Жана Літвіна, старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў

-- На жаль, медыясфера - гэта той накірунак, дзе мы сёння менш за ўсё заўважаем нейкія працэсы дэмакратызацыі, лібералізацыі. Прынцыповыя праблемы застаюцца нявырашанымі і нязменнымі. У першую чаргу, я маю на ўвазе манаполію выканаўчай улады на мас-медыя, на друкарні, на сістэму распаўсюду. Яшчэ ёсць адна акалічнасць. Гэта прысутнасць датацыяў для дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі. І таму казаць сёння пра свабоду інфармацыі, свабоду слова, пра павагу ўладаў да свабоды слова проста не прыходзіцца. На жаль, нашыя праблемы, прынцыповыя і прафесійныя застаюцца нявырашанымі. Няма палітычнага рашэння па праблеме распаўсюду грамадска-палітычных незалежных газет. І гэтая праблема ў нас існуе з канца 2005 года. На цяперашні дзень яна не вырашаная. Я не зусім песімістка, але ў мяне складваецца ўражанне, што ў хуткім часе, часе, звязаным з падрыхтоўкай да прэзідэнцкай кампаніі, гэтая праблема таксама не вырашыцца. Што датычыць працы журналістаў без перашкодаў і без пераследу, тут ізноў вельмі мала станоўчых аргументаў. Таму што ў апошні час мае калегі-журналісты сутыкнуліся з «ноў-хаў» спецслужбаў, калі падчас дэманстрацыяў і мітынгаў ім абсалютна цынічна і нахабна забараняюць займацца сваёй прафесійнай дзейнасцю. Некаторыя станоўчыя змены ў нас магчымыя, калі сродкі масавай інфармацыі пачнуць выконваць сваё канстытуцыйнае прызначэнне: свабодна, без перашкодаў збіраць і распаўсюджваць інфармацыю.

Умова 3. Юры Чавусаў, Асамблея няўрадавых арганізацыяў

-- У сферы свабоды асацыяцыяў, дзейнасці няўрадавых арганізацыяў палітыка вылучэння ўмоваў Еўразвязам, рэжым прыпынення санкцыяў, паказалі сваю некаторую эфектыўнасць. Мы бачым, што за апошнія гады ўлада адмовілася ад найбольш брутальных рэпрэсіўных метадаў супраць няўрадавых арганізацый. Але, з іншага боку, мы не бачым ніякіх сістэмных зменаў, зменаў, якія былі б незваротнымі, не залежылі б ад бягучага палітычнага моманту. Як і раней, праблема рэгістрацыі новых арганізацый застаецца вельмі актуальнай у Беларусі. Улады не рэгіструюць найбольш вядомыя і аўтарытэтныя арганізацыі, напрыклад, праваабарончыя. Не паляпшаецца ў цэлым парадак рэгістрацыі, змены ў законы не ўносяцца. І таксама вельмі важная праблема для Беларусі гэта праблема крымінальнай адказнасці за дзейнасць незарэгістраваных арганізацый, прадугледжаная артыкулам 193.1. Гэты артыкул не адменены і, нават калі зараз ён не ўжываецца, ён застаецца сур'ёзнай пагрозай для ўсіх незалежных арганізацыяў у Беларусі, які робіць немагчымым нармальнае развіццё грамадзянскай супольнасці ў Беларусі. Безумоўна, гэты артыкул павінен быць адменены, і гэта павінна быць прадметам асаблівай увагі Еўрапейскай супольнасці.

Умова 4. Наста Палажанка, лідэр «Маладога Фронту»

-- Я лічу, што ў Беларусі не адбудуцца дэмакратычныя перамены, да таго часу, пакуль за кратамі будуць знаходзіцца палітвязні. У Беларусі нельга казаць ні пра якую палітычную лібералізацыю да таго часу, пакуль існуе артыкул 193.1, артыкул, па якім можна за асабістыя перакананні адправіць за краты. Я лічу, што нельга казаць ні пра якія дэмакратычных перамены да таго часу, пакуль Лукашэнка асабіста не папросіць прабачэння ці хаця б не прызнае судовую памылку ў дачыненні да ўсіх тых зняволеных, якія знаходзіліся па якіх-небудзь палітычных матывах за кратамі. Пакуль гэтыя людзі публічна не будуць абвешчаныя невінаватымі, ніхто не дасць гарантыю, што за кратамі не з'явяцца новыя палітычныя апаненты ўладаў.

Умова 5. Таццяна Рэвяка, праваабарончы цэнтр «Вясна»

-- Адно з патрабаванняў Еўрапейскага звяза, сфармуляванае ў 2006 годзе, гэта правядзенне незалежнага і дакладнага расследавання справаў аб знікненні вядомых у Беларусі людзей: Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і журналіста Зміцера Завадскага. На жаль, гэтыя справы дагэтуль не расследаваныя. Следства вядзецца выключна фармальна, а справа Зміцера Завадскага ўвогуле прыпынена. Ні грамадства, ні родныя зніклых не маюць інфармацыі пра лёс сваіх блізкіх. Таксама следчыя органы ігнаруюць інфармацыю пра магчымую датычнасць да гэтых злачынстваў, да выкраданняў людзей і магчымых пазасудовых смяротных пакаранняў высокапастаўленых дзяржаўных чыноўнікаў. Былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Сівакова і Уладзіміра Навумава, былога камандзіра атрада спецыяльнага прызначэння Дзмітрыя Паўлічэнка, а таксама былога дзяржсакратара савета бяспекі краіны Віткра Шэймана. Яны знаходзяцца ў спісе тых людзей, у дачыненні якіх зараз Еўразвяз пакідае санкцыі і абмежаванні на выезд у краіны Еўразвяза.

Умова 6. Гары Паганяйла, юрыст Беларускага Хельсінкскага камітэта

-- Суды Беларусі апынуліся вельмі залежнымі ад выканаўчай улады. Апошнія 15 гадоў яны дэманструюць абсалютную знявагу грамадскім інтарэсам, інтарэсам грамадзянскай супольнасці і выконваюць волю прэзідэнта і яго чыноўнікаў. Часта пры дапамозе крымінальнай юстыцыі спрабуюць змагацца з грамадзянскімі актывістамі. У шэрагу выпадкаў грамадзянам проста адмаўляюць у правасуддзі, калі гаворка ідзе пра спрэчкі паміж дзяржавай, паміж чыноўнікамі і грамадзянамі, у выпадку калі з боку дзяржавы груба парушаюцца правы чалавека. Нам вядомы ўжо дваццаць станоўчых рашэнняў, вынесеных Камітэтам па правах чалавека на карысць нашых грамадзян, аднак ніводнае з іх так і не рэалзівана судамі для аднаўлення парушаных правоў грамадзян. Вельмі шмат выпадкаў правядзення гучных спраў, якія выклікалі цікаўнасць грамадства ў закрытых судовых паседжаннях. Гэта робіцца свядома, для таго, каб грамадскасць не ведала фактаў фальсіфікацыі па крымінальных справах, фактаў грубай карупцыі ў вышэйшых эшалонах улады. Уведзена афіцыйнае заканадаўства, згодна з якім органы СМІ могуць распаўсюдзіць інфармацыю пра суды, пра дзейнасць судоў, пра канкрэтныя справы толькі з дазволу суддзяў.

Умова 7. Эніра Браніцкая, праваабарончая арганізацыя «Салідарнасць»

-- Актывісты падаюць абгрунтаваныя скаргі на факты збіцця на дэманстрацыях, на самавольныя затрыманні. Аднак задавальненні такіх скаргаў адзінкавыя. А спраў, узбуджаных супраць супрацоўнікаў міліцыі і прыцягнення іх да крымінальнай адказнасці за зробленае няма ўвогуле. За мінулы год мы зафіксавалі некаторую колькасць адміністратыўных арыштаў, аднак праблема самавольных затрыманняў усё гэтак жа актуальна. І нават нягледзячы на тое, што праз месяц будзе прымацца рашэнне пра падаўжэнне санкцый у дачыненні Беларусі, ці не падаўжэнні, апошнія акцыі апазіцыі, якія адбыліся ў верасні, былі разагнаныя асабліва жорстка. Яшчэ адна праблема, якая, як мы лічым, патрабуе міжнароднай увагі – гэта ўтрыманне ў турмах Беларусі, і гэта сфера застаецца без нейкага грамадскага кантролю. Мы лічым вельмі важным стварэнне назіральніцкіх структур, з удзелам прадстаўнікоў грамадскасці, якія маглі б кантраляваць умовы ўтрымання ў турмах Беларусі.

Умова 8. Андрэй Пачобут, Саюз палякаў Беларусі

-- Цягам апошняга часу сітауцыя, у якой знаходзіцца Саюз палякаў, сітуацыя ў якох знаходзіцца польская нацыянальная меншасць, не змянілася. Нягледзячы на тое, што беларускі бок спыніў акцыі ў СМІ у адносінах палякаў, якія жывуць у Беларусі (маецца на ўвазе негатыўная кампанія ў СМІ, якая была ў 2005, 2006, 2007 гадах), нягледзячы на тое, што менш стала інфармацыі ў СМІ пра сітуацыю з Саюзам палякаў, зменаў няма. Саюз палякаў і надалей застаецца нелегальнай арганізацыяй з пункту гледжання беларускіх уладаў, актывісты Саюза палякаў пераследуюцца. Сітуацыя польскай меншасці не абмяжоўваецца тым, што самая вялікая польская арганізацыя дэлегалізавана ўладай і пазбаўлена маёмасці. Таксама ствараюцца перашкоды пры вывучэнні польскай мовы. Усімі спосабамі ціснуць на людезй, якія хочуць, каб іх дзеці вывучалі польскую мову, з мэтай, каб гэтая мова выкладалася не як асноўны прадмет, а як факультатыў. Такім чынам, абмяжоўваецца права нацыянальнай меншасці вучыцца на польскай мове.

Умова 9. Аляксандр Ярашук, лідэр Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў

-- Сітуацыя ў краіне з прафсаюзамі працягвае заставацца напружанай. Верагодна, вядома, што два гады таму ЕЗ пазбавіў Беларусь гандлёвых прэферэнцый. Гэта беспрэцэдэнтны выпадак. У свой час толькі Бірма каралася так 10 гадоў таму, і толькі пасля гэтага беларускія ўлады былі вымушаныя зрабіць некаторыя крокі па вяртанні правоў прафсаюзаў.

На жаль, яны не атрымалі поспех ў гэтай працы і, верагодна, палічылі, што зробленых намаганняў дастаткова для таго, каб ставіць пытанне перад міжнароднай супольнасцю, МАП і ЕЗ пра вяртанне гандлёвых прэферэнцый. І, разам з тым, мы сёння можам канстатаваць, што на фоне дэкларатыўных заяў пра намер развіваць дыялог з Еўрапейскім Звязам, абсалютна відавочнай становіцца новая хваля ціскаў і рэпрэсій на незалежныя прафсаюзы. На сённяшні дзень сітуацыя ў шмат чым для нас стала яшчэ больш складанай, чым яна была паўгады таму, і мы вымушаны канстатаваць, што ў беларускіх уладаў няма відавочнага жадання аднаўляюць правы прафсаюзаў і развіваць дыялог з МАП і ЕЗ па гэтай праблеме.

Умова 10. Віктар Гарбачоў, адзін з лідэраў прадпрымальнікаў

-- Тыя праблемы, якія існавалі ў прадпрымальнікаў раней, у 2009 годзе засталіся ў тым жа стане, толькі больш завуаляванымі. Улада прымае дэкрэты і пастановы, але насамрэч усё адбываецца па-іншаму. Мы гаворым пра мараторыі на кантрольныя праверкі, а ў той жа час яны масава адбываюцца па ўсёй краіне, прадпрымальнікі штрафуюцца на сумы ад 60 да 100 тысяч даляраў, пры гэтым разараючыся і сыходзячы ў кабалу да ўладаў. Сёння мы гаворым пра тое, што можна прадаваць той тавар, які выгодны пакупніку, і ў той жа час улады прымаюць рашэнні аб абмежаванні ўвозу імпарту і продажы яго на тэрыторыі Беларусі. Навязванне беларускага тавара прымушае прадпрымальнікаў адмаўляцца ад правядзення дзейнасці на тэрыторыі Беларусі і вывозіць свой бізнэс за межы нашай краіны.

Умова 11. Валянцін Стэфановіч, праваабарончы цэнтр «Вясна»

-- Беларусь сёння застаецца адзінай краінай у Еўропе і былым СССР, якая на практыцы выкарыстоўвае смяротнае пакаранне. Мы, праваабаронцы, выступаем за ўвядзенне мараторыя і поўную адмену смяротнага пакарання ў Беларусі, бо лічым, што ў 21 стагоддзі ў Еўропе няма месца смяротнаму пакаранню і забойству чалавека чалавекам, нават калі гэта адбываецца ад імя дзяржавы. Трэба адзначыць, што за апошнія гады ў Беларусі назіраецца зніжэнне тэндэнцыі смяротных прысудаў, у параўнанні з пачаткам 1990-х гадоў і сярэдзінай 90-х.

Аднак, ва ўмовах, калі ў краіне не стае незалежнай судовай сістэмы, існуюць факты выкарыстання катаванняў падчас папярэдняга следства, можа быць дапушчана судовая памылка. І ў выпадку, калі чалавек будзе забіты, выправіць гэтую памылку будзе немагчыма. Таму мы, праваабаронцы, спадзяемся, што Беларусь далучыцца да тэрыторыі, свабоднай ад смяротнага пакарання.

Умова 12. Алесь Бяляцкі, праваабарончы цэнтр «Вясна»

-- Я ўпэўнены, што якасныя змены сітуацыі з дэмакратыяй у Беларусі, з правамі чалавека, магчымы пры цвёрдай, дакладнай і зразумелай пазіцыі міжнародных структур у адносінах з уладамі Белаурсі. На сённяшні дзень беларускія ўлады патрабуюць кантактаў, патрабуюць павелічэння эканамічнага супрацоўніцтва з Еўразвязам, з усім светам. Гэтага патрабуе эканоміка Беларусі, і мне здаецца, што пазіцыя міжнародных структур у гэтай сітуацыі можа быць больш выразнай, больш цвёрдай, і любыя эканамічныя кантакты могуць развівацца на фоне паляпшэння ўнутранай сітуацыі ў Беларусі з правамі чалавека, з дэмакратыяй. Та пазіцыя, якую цягам апошніх 15 гадоў займае Еўрапейскі Звяз, Рада Еўропы, АБСЕ у адносінах Беларусі дастаткова важная для таго, каб тыя нешматлікія інстытуты грамадянскай супольнасці, якія на сённяшні дзень выжываюць у Беларусі, спрабуюць развівацца і ўплываць на беларускае грамадства, маглі працягваць выконваць гэту станоўчую працу і надалей.

Вельмі важная і ацэнка сітуацыі з правамі чалавека, з выбарамі, іншыя ацэнкі таго, што адбываецца ў Беларусі, і вельмі важна даваць гэты мэсідж і беларускім уладам, і беларускаму народу.

Вельмі важна і не апусканне планкі стандартаў з боку міжнароднай супольнасці адносна сітуацыі з правамі чалавека, з дэмакратыяй у Беларусі. Гэтая планка павінна быць універсальнай. Беларусь падпісала шэраг міжнародных пагадненняў у дачыненні правоў чалавека, развіцця дэмакратыі, выканання свабодаў і правоў грамадзян Беларусі і еўрапейская супольнасць павінна дамагацца выканання гэтых пагадненняў.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках