19 красавiка 2024, Пятніца, 21:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка забыў пра 12 прапаноў Еўразвяза

17

Перспектывы развіцця стасункаў Беларусі і Еўрапейскага Звязу залежаць ад ступені незалежнасці яго палітыкі ад палітыкі ЗША да Беларусі, заявіў у Менску падчас сустрэчы з брытанскімі інвестарамі Аляксандр Лукашэнка.

"Перспектывы нашых стасункаў з Еўразвязам не ляжаць у плоскасці Еўропа–Беларусь. Яны будуць залежаць ад таго, наколькі будзе Еўрапейскі Звяз больш або менш самастойны ад ЗША ў плане стасункаў з Беларуссю", – сказаў ён.

Кіраўнік дзяржавы таксама выказаў меркаванне з нагоды таго, што, "як нам падаецца, у ЕЗ правільна разумеюць тое, што адбываецца вакол Беларусі, і правільна ацэньваюць ролю Беларусі для ЕЗ". У гэтым звязку ён падкрэсліў, што "Беларусь з'яўляецца для ЕЗ вельмі важным звяном". Лукашэнка растлумачыў, што, у прыватнасці, краіна выступае важнай транспартнай артэрыяй, праз якую ў ЕЗ дастаўляюцца энерганосьбіты з Расеі. Ён нагадаў, што каля 40% расейскай нафты паступае ў ЕЗ праз Беларусь, а таксама 20-25% прыроднага газу. "Гэта ставіць нас у шэраг найважнейшых партнёраў для ЕЗ", – падкрэсліў А.Лукашэнка, зазначыўшы, што ў Еўразвяза ніколі не было праблем з Беларуссю.

Беларускі кіраўнік асобна адзначыў, што Беларусь ніколі не падводзіла Еўрапейскі Звяз і хацела б адпаведнага стаўлення да сабе з боку ЕЗ.

А.Лукашэнка асобна адзначыў тое, што развіццё двухбаковых беларуска-брытанскіх эканамічных стасункаў з'яўляецца вызначальным для дзяржаў. Ён выказаў упэўненасць у тым, што "следам за стабільным пасоўваннем наперад у эканоміцы ўсё наладзіцца і ў палітычнай сферы". "Тым больш, не думаю, што ў Англіі ёсць палітычныя прэтэнзіі да Беларусі. Адназначна, мы да вас не маем прэтэнзій у плане палітычных пытанняў", – дадаў А.Лукашэнка.

Па словах Лукашэнкі, паміж рэспублікай і Злучаным каралеўствам "няма праблем у гандлёва-эканамічных стасунках". Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Беларусь "прыстойна" экспартуе ў Вялікабрытанію, што сведчыць пра перспектывы Беларусі на "патрабавальным рынку гэтай краіны".

На погляд А.Лукашэнкі Злучанае каралеўства можа заняць першае месца па аб'ёме інвестыцый у Беларусь. "Летась аб'ём інвестыцый Вялікабрытаніі ў беларускую эканоміку склаў каля 800 млн даляраў. Гэта вялізная сума", – падкрэсліў А.Лукашэнка. Ён падзякаваў брытанскім інвестарам за прапановы аб інвеставанні ў беларускую эканоміку і запэўніў іх у тым, што "ўсё, пра што тут мы дамовімся, будзе няўхільна выкананае і ў самыя кароткія тэрміны".

Нататка прэс-цэнтра Хартыі’97: Аляксандр Лукашэнка дарма спадзяецца, што Еўразвяз выратуе яго ад санкцый ЗША, уведзеных супраць яго рэжыму праз адмову вызваляць палітвязняў. Яшчэ ў лістападзе 2006 года Еўразвяз зрабіў 12 прапаноў па дэмакратызацыі Беларусі. Адна з галоўных прапаноў – вызваленне палітычных зняволеных. Цягам усяго часу ЕЗ цвёрда заяўляў, што не мае намеру адыходзіць ад дадзенага дакумента і без прыняцця 12 прапаноў нармалізацыя стасункаў афіцыйнага Менска з Еўропай немагчымая. Еўразвяз заклікае, каб беларускія ўлады:

1. паважалі права народа Беларусі выбіраць сваіх лідэраў дэмакратычным шляхам – іх права чуць усе меркаванні і бачыць усіх кандыдатаў на выбары; права апазіцыйных кандыдатаў і груп падтрымкі праводзіць кампаніі без прыгнёту, судовага пераследу або турэмнага зняволення; незалежнае назіранне за выбарамі, беларускімі няўрадавымі арганізацыямі ўключна; права волевыяўлення і права на справядлівы падлік галасоў;

2. паважалі права народа Беларусі на незалежную інфармацыю, а таксама на свабоду слова, у прыватнасці, дазволіўшы журналістам працаваць без прыгнёту або судовага пераследу, не закрываючы газеты і не замінаючы іх распаўсюджванню;

3. паважалі правы грамадскіх арганізацый, як жыццёва важнай часткі здаровай дэмакратыі – не ўскладняючы іх законнае існаванне, не прыгнятаючы і не пераследуючы сябраў грамадскіх арганізацый, і дазваляючы ім атрымоўваць міжнародную дапамогу;

4. вызвалілі ўсіх палітычных зняволеных – сябраў дэмакратычных апазіцыйных партый, сябраў і звычайных грамадзян, арыштаваных падчас мірных дэманстрацый і сустрэч;

5. належным чынам правялі незалежнае расследаванне або перагледзелі выпадкі з знікненнем грамадзян;

6. забяспечылі права народа Беларусі на незалежную і непрадузятую судовую сістэму, дзе суддзі б не траплялі пад палітычны ціск, не праводзіліся б адвольныя і неабгрунтаваныя крымінальныя пераследы альбо не прымаліся б палітычна матываваныя рашэнні, такія як арышт грамадзян, якія мірна выказваюць свае погляды;

7. спынілі адвольныя арышты, затрыманні і нявартае абыходжанне з людзьмі;

8. паважалі правы грамадзян Беларусі, належаць да нацыянальных меншасцяў;

9. паважалі працоўныя правы грамадзян Беларусі, у прыватнасці ,іх права на сяброўства ў прафсаюзах, і права прафсаюзаў дзейнічаць у абарону правоў чалавека;

10. паважалі правы грамадзян Беларусі на прадпрымальніцкую дзейнасць без празмернага ўмяшання ўлад;

11. далучыліся да другіх народаў Еўропы і забаранілі пакаранне смерцю;

12. выкарысталі падтрымку, якую прапаноўваюць Беларусі АБСЕ, ЕЗ і іншыя арганізацыі, каб дапамагчы ёй захоўваць правы чалавека.

ЕЗ гатовы аднавіць свае ўзаемаадносіны з Беларуссю і яе народам, як толькі ўрад Беларусі выкажа сваю павагу да дэмакратычных каштоўнасцяў і асноўных правоў грамадзян Беларусі.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках