Пошліна на расейскую нафту для Беларусі можа вырасці на 15 даляраў
- 11.11.2009, 11:23
Экспартная пошліна на расейскую нафту, якая пастаўляецца ў Беларусь, з 1 снежня можа вырасці амаль да 96,48-97,19 даляра за тону з цяперашняй 82,31 даляра за тону.
Павелічэнне на 15 даляраў звязана з ростам пошліны на экспарт нафты ў Расеі, якая, як вынікае з формулы, вызначанай законам аб мытным тарыфе РФ, з 1 снежня складзе ў межах 271-273 даляраў за тону супраць цяперашняй 231,2 даляра за тону, адзначае АФН.
«Сярэдні кошт маніторынгу кошту на нафту Urals у перыяд з 15 кастрычніка па 10 лістапада склаў 76,08 даляра за барэль. Калі ў тры гандлёвыя дні, якія засталіся, кошт на нафту будзе ў межах 75-78 даляраў за барэль, дык канчатковы кошт маніторынгу складзецца ў 75,94-76,35 даляра за барэль», - сказаў РИА «Новости» начальнік зводна-аналітычнага аддзела Мінфіна Аляксандр Саковіч.
Такім чынам, гранічны ўзровень пошліны ў РФ можа вырасці да 271-273 даляраў за тону.
Стаўка экспартнай пошліны на светлыя нафтапрадукты можа павялічыцца да 195-196 даляраў за тону з 168,1 даляра за тону, на цёмныя - да 105-106 даляраў за тону з цяперашніх 90,5 даляра за тону.
Нагадаем, паводле беларуска-расейскіх дамоўленасцяў пошліна на расейскую нафту для Беларусі ў 2009 годзе разлічваецца з ужываннем каэфіцыента 0,356 ад расейскай пошліны. Акрамя таго, Беларусь усталёўвае экспартныя пошліны на нафту і нафтапрадукты ў памеры, роўным стаўкам у Расеі, і ўводзіць іх у дзеянне ў тыя ж тэрміны, што і ў Расеі.