Узбуджана крымінальная справа за «апаганенне» помніка Леніну
16- 12.11.2009, 16:47
Помнік Леніну ў Навагрудку быў абліты зялёнай фарбай 7 лістапада, у дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі, які ў Беларусі дагэтуль лічыцца дзяржаўным святам.
Тады па падозранні ў здзяйсненні гэтай акцыі былі затрыманыя актывісты «Маладога Фронта» Дар’я Бахур і Юрась Казак. У заплечніках у іх былі знойдзены зялёная фарба і пяльчаткі.
Маладзёнаў пратрымалі ў раённым аддзеле міліцыі тры гадзіны і склалі пратаколы аб адміністратыўным правапарушэнні.
Аднак цягам наступных дзён маладых людзей выклікалі на допыты, і сёння ў Навагрудскім РАУС Юрасю Казаку паведамілі, што супраць яго ўзбуджана крымінальная справа па арт. 339 ч.1 Крымінальнага кодэкса - «злоснае хуліганства».
Як паведаміў актывіст сайту charter97.org, пакуль ён знаходзіцца на волі, у адносінах яго не ўзята падпіска аб нявыездзе. У выпадку, калі суд прызнае віну Казака, яму пагражае штраф, арышт да 6 месяцаў ці пазбаўленне волі да трох гадоў.