17 траўня 2024, Пятніца, 8:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Анатоль Лябедзька: «Тым, хто аддае загады на разгоны акцый, павінен быць забаронены ўезд у ЕЗ»

6

Апазіцыя лічыць, што беларускія чыноўнікі не заслужылі права выязджаць у краіны Еўразвяза.

17 лістапада Рада Еўразвяза прыняла рашэнне працягнуць на год візавыя санкцыі супраць афіцыйнага Менска да кастрычніка 2010 года. Адначасова гэтыя санкцыі «замарожаныя» да кастрычніка.

Беларускім уладам дадзены час для правядзення рэформы выбарчага заканадаўства; забеспячэння свабоды аб’яднанняў; стварэння ўмоваў для дзейнасці няўрадавых арганізацый; свабоды прэсы; зняцця абмежаванняў для свабоды асобы.

Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька заяўляе, што рашэнне Рады Еўразвяза было прадказальным. Пра гэта ён распавёў у інтэрв’ю сайту charter97.org.

«Рашэнне было прагназаваным. Я думаю, што на 95% яно кансэнсуснае для дэмакратычнага грамадства. Усе прызнаюць, што ніякіх зменаў у лепшы бок у Беларусі не адбылося. Але, відаць, Еўразвязу яшчэ недастаткова аргументаў, каб зачыніць дзверы ў Беларусь. Гэта своеасаблівы кансэнсус паміж дэмакратычнымі каштоўнасцямі і еўрапейскім прагматызмам», -- лічыць палітык.

Анатоль Лябедзька адзначае, што далейшы лёс санкцый залежыць у першую чаргу ад пазіцыі Брусэля ў адносінах беларускіх уладаў.

«Калі гэтае рашэнне прадугледжвае хатняе заданне для беларускіх уладаў, то яно – аптымальнае, -- заяўляе лідэр АГП. – Зараз усё залежыць ад далейшай стратэгіі Еўразвяза, якая мусіць быць выразнай. Апошнім часам мы бачылі, што ў краін ЕЗ проста не было адзінай стратэгіі. Гэта можна было назіраць па абсалютна рознай рыторыцы кіраўнікоў МЗС Італіі і Латвіі, якія прыязжалі з візітамі ў Беларусь. Беларускія ўлады назіралі, што ў краін Еўразвяза няма адзінства па беларускім пытанні, і таму дазволілі сабе не выконваць ніякіх умоваў. Еўразвяз мусіць паказаць, што ён стаіць на аснове маральных каштоўнасцяў. Ідэальны варыянт – калі адзіная стратэгія будзе выпрацаваная паміж Брусэлем і Вашынгтонам».

Лідэр АГП адзначае, што на сённяшні дзень беларускія ўлады не заслужылі ўязджаць у краіны ЕЗ.

«Я прыхільнік кропкавых санкцый і лічу, што яны былі дзейснымі. Нашыя далёка нябедныя чыноўнікі вельмі занепакоены, што ў іх няма доступу да лазурных берагоў. Але ў Беларусі сёння няма ніякага прагрэсу. І тыя чыноўнікі, якія аддаюць загады на брутальныя разгоны мірных акцый і займаюцца судзілішчам апазіцыянераў, вартыя знаходзіцца па месцы сваёй прапіскі», -- заяўляе палітык.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках