Усталяванне крыжоў у гонар героя Беларусі палічылі несанкцыянаваным мітынгам
2- 6.11.2009, 14:14
6 лістапада Менскі абласны суд не задаволіў скаргу актывістаў дэмакратычнага руху Вілейскага раёна Аляксея Сюдака, Уладзіміра Малярчука і Аляксея Наркевіча.
«Па сутнасці, нас зноў абвінавацілі ў правядзенні несанкцыянаванага мітынгу падчас усталявання крыжоў на месцы расстрэлу актывіста беларускага антысавецкага супраціву Расціслава Лапіцкага ў лесе каля вёскі Красны Беражок», -- паведаміў «Радыё Свабода» актывіст Уладзімір Малярчук.
Такім чынам, рашэнне суду Вілейскага раёна ад 8 кастрычніка застаецца ў сіле. Згодна з ім, Аляксей Сюдак і Уладзімір Малярчук былі аштрафаваныя на 30 базавых велічынь (1 мільён 50 тысяч рублёў), а Алесь Наркевіч — на 20 базавых велічынь (750 тысяч рублёў).
Крыжы ў памяць пра Расціслава Лапіцкага і ўсіх ахвяраў рэпрэсій вілейскія актывісты ўсталявалі 1 верасня. 9 верасня іх асвяціў святар праваслаўнай царквы, а на наступны дзень крыжы знішчылі прадстаўнікі мясцовай улады. У сувязі з гэтым актывісты апазыцыі 15 верасня звярнуліся з заявай у райаддзел міліцыі. Іх заява засталася без адказу, а праз тры дні, 19 верасня, участковы міліцыянт Мікалай Мячкоў склаў на заяўнікаў адміністрацыйныя пратаколы за быццам бы несанкцыянаваны мітынг.
Расціслаў Лапіцкі нарадзіўся 9 верасня 1928 года ў сям’і праваслаўнага святара ў вёсцы Касута. Расстраляны 28 кастрычніка 1950 года. У 1948—1949 гадах стварыў у Смаргонскім і Мядзельскім раёнах антыбальшавіцкую падпольную арганізацыю моладзі. Арганізацыя выдавала антыбальшавіцкія і антысталінскія ўлёткі. Неўзабаве яе выкрылі, а яе сябры, у тым ліку непаўнагадовыя, атрымалі розныя тэрміны лагераў. Расціслаў Лапіцкі, як галоўны арганізатар, быў прысуджаны да смяротнага пакарання.