18 траўня 2024, Субота, 14:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Заіка: «Цяжкі час па выплатах знешніх даўгоў ужо надышоў»

20

З улікам яшчэ аднаго чаканага транша крэдыту МВФ сукупны знешні доўг Беларусі перавысіць 20 мільярдаў даляраў.

Эксперты прагназуюць, што ў 2010 годзе на фоне імкнення ўладаў забяспечыць высокія тэмпы эканамічнага росту праблема знешняга доўгу актуалізуецца, перадае «Заўтра тваёй краіны».

«Сукупны доўг» складаецца з грошай, якія дзяржава запазычвае ў міжнародных арганізацыяў – Сусветнага банка, Міжнароднага валютнага фонду і іншых на падтрыманне фінансавага рынка, стабільнасці, пазыковых абавязальніцтваў недзяржаўных банкаў, тых ці іншых фінансавых, страхавых арганізацыяў, а таксама запазычанняў буйных прадпрыемстваў, якія маглі браць крэдыты ў замежных, як правіла, прыватных банкаў. Гэта таксама прыватныя запазычанні ў выглядзе крэдытаў, таварных крэдытаў на набыццё вялікіх партыяў тавараў, інвестыцыйных крэдытаў, крэдытаў на стварэнне інфраструктуры, на развіццё саміх банкаўскіх структураў.

-- Бюджэт будзе расплачвацца толькі з дзяржаўнымі пазыковымі абавязальніцтвамі. Гэтая сума складае 5-6 мільярдаў даляраў – гэта той доўг, які мае насельніцтва, усе мы, -- кажа кіраўнік Аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Леанід Заіка. -- Што датычыць прыватных запазычанняў (а гэтая сума складае каля 14-15 мільярдаў даляраў), дык за іх будуць разлічвацца самі гаспадары банкаў, уласнікі прыватных, акцыянерных прадпрыемстваў.

Тым не менш, на думку кіраўніка цэнтра «Стратэгія», цяжкі час па выплатах знешніх даўгоў ужо надышоў для Беларусі, калі казаць пра запазычанні, якія рабілі прыватныя банкі ці прадпрыемствы.

-- Зараз 45% беларускіх прадпрыемстваў не маюць абаротнага капіталу, гэта значыць сядзяць без грошай. У іншых грошы ёсць, але ім трэба выплачваць даўгі. І гэта вельмі цяжкая сітуацыя з улікам таго, што знізілася прыбыткі прадпрыемстваў, -- кажа Леанід Заіка.

Як правіла, такім краінам, як Беларусь, даюць «хуткія грошы» -- гэта кароткатэрміновыя крэдыты. «Доўгія» грошы, выплата якіх можа расцягвацца на сярэднетэрміновы перыяд – 5-7 гадоў, можа браць толькі ўрад у МВФ, Сусветнага банка.

Беларускі ўрад і ў наступным годзе спадзяецца атрымаць замежныя крэдыты, каб забяспечыць у перадвыбарчы год больш высокія тэмпы эканамічнага росту.

Эканаміст Дзмітры Крук адносна магчымасцяў прыцягнення Беларуссю знешніх запазычанняў у 2010 годзе настроены не так аптымістычна. Ён адзначае, што кан'юнктура не настолькі спрыяльная, рэзкага павелічэння прапановы сродкаў на глабальных рынках чакаць не прыходзіцца, паколькі працэс спісання ў глабальным банкаўскім сектары яшчэ не сконачаны.

-- Паводле ацэнак МВФ, у 2010 годзе сусветным банкам (і перш за ўсё еўрапейскім) трэба будзе спісаць яшчэ каля паўтары трыльёны даляраў. Гэта азначае, што гэтыя банкі будуць рекапіталізавацца і самі прад'яўляць рост на рынках капіталу, якія звузіліся. Пры гэтым попыт з розных краінаў на рэсурсы будзе захоўвацца на высокім узроўні, -- кажа эксперт.

Акрамя таго, паводле ацэнак міжнародных агенцтваў на сёння даволі значныя рызыкі асацыююцца з пераходнымі краінамі і краінамі, якія развіваюцца, новых укладанняў у іх фактычна не адбываецца.

-- У цэлым не толькі Беларусь, а ўвесь цэнтральна-еўрапейскі рэгіён будзе сутыкацца з вельмі бязлітаснай (нават не жорсткай) канкурэнцыяй за сродкі на глабальным рынку капіталу, -- рэзюмуе Дзмітры Крук.

Такім чынам, прыцягненне знешніх сродкаў будзе магчымае толькі па высокіх адсоткавых стаўках. На думку эканаміста, у такой сітуацыі праблема знешняга доўгу можа рэзка актуалізавацца, як і праблема эфектыўнасці функцыянавання банкаўскага сектара.

-- У 2010 годзе, на мой погляд, перадумоваў для бурнага эканамічнага росту не так ужо шмат. Жаданне забяспечыць высокія тэмпы створыць даволі вялікія рызыкі для доўгатэрміновага развіцця. Яны будуць выяўляцца ў рэзкім павелічэнні ўзроўня знешняга доўгу, кошту яго абслугоўвання, у магчымым зніжэнні якасці банкаўскіх актываў і аддаванні на інвестыцыі нормы прыбытковасці капіталу ў беларускай эканоміцы, -- прыходзіць да высновы Дзмітры Крук.

Эксперт прагназуе, што расплачвацца за такую эканамічную палітыку прыйдзецца на працягу некалькіх наступных гадоў.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках