Перад прыездам Лукашэнкі жыхарам Баранавічаў забаронена выглядаць у вокны
42- 29.12.2009, 11:50
Увечары 29 снежня ў Баранавічах з удзелам беларускага кіраўніка ўрачыста адкрыюць Лядовы палац.
У сувязі з гэтым гараджане змушаны цярпець нязручнасці: у раёне Лядовага палаца забаранілі паркавацца і «высоўвацца ў вокны».
Як распавялі «Салідарнасці» жыхары Баранавіч, якія жывуць недалёка ад Лядовага палаца, сёння ў раёне спартовага комплексу і ў цэнтры горада шмат супрацоўнікаў ДАІ.
«Гаішнікі стаяць па цэнтральным праспекце праз кожныя 50-100 метраў, а таксама на ўваходзе ў двары. Сустракаюцца і каротка стрыжаныя мужчыны, апранутыя ва ўсё чорнае. За Лядовы палац, як я бачыў, завялі каля сотні салдат», – распавёў гараджанін Аляксандр.
Але пакуль, паводле яго, хадзіць жыхарам Баранавіч не замінаюць. Так на возеры недалёка ад Лядовага палаца спакойна сядзяць рыбакі. Відавочна, сітуацыя павінна змяніцца да 15.00.
«Дзень таму да мяне дадому прыйшоў міліцыянер і паказаў паперку, дзе было сказана, каб мы не высоўваліся сёння ў вокны з 15.00 да 21.00. Потым запісаў маё прозвішча», – распавёў гараджанін Ігар, чыя кватэра знаходзіцца недалёка ад спартовага аб'екта.
Патрабаванне «не высоўвацца» ў вокны – не адзінае. Як паведамляе Intex-press, 29 снежня ў Баранавічах будзе абмежаваны рух аўтатранспарту па праспекце Савецкаму, дзе знаходзіцца Лядовы палац, а таксама вуліцах Жукава, Савецкая, Брэсцкая, Войкава і Чурыліна. Дзяржаўтаінспекцыя раіла гараджанам устрымацца ад непатрэбных паездак і карыстацца грамадскім транспартам. А ў мінулую ноч супрацоўнікі баранавіцкага ДАІ папрасілі аўтаўладальнікаў не ставіць машыны на вуліцы Жукава і праспекце Савецкі (у тым ліку і ў дварах дамоў). У адваротным выпадку аўтатранспарт пагражалі эвакуяваць на штрафстаянку.
Раней у баранавіцкіх паляўнічых, чые дамы размешчаны на вуліцах, па якіх, магчыма, будзе ехаць Аляксандр Лукашэнка, канфіскавалі стрэльбы. Як растлумачылі ў Баранавіцкім ГАУС, супрацоўнікі міліцыі выконвалі патрабаванне службы бяспекі беларускага кіраўніка.
Чакаецца, што канцэрт, прысвечаны адкрыццю Лядовага палаца, пачнецца ў 16.30. Затым хакейная каманда Лукашэнкі правядзе таварыскі матч. Урачыстая цырымонія адкрыцця павінна завяршыцца феерверкам.
Будаўніцтва шматфункцыянальнага комплексу «Баранавіцкі Лядовы палац» абыйшлося ў суму больш за 60 мільярдаў рублёў. Баранавічы сталі шостым па ліку горадам у Берасцейскай вобласці пасля Берасця, Пінска, Пружан, Бярозы і Кобрына, дзе з'явілася лядовая арэна.