19 красавiка 2024, Пятніца, 8:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Ляпісы» у Менску: У адзіным парыве (Відэа)

6

9 сакавіка «Ляпіс Трубяцкой» прэзентаваў у Мінску нашумелы альбом «Маніфест». Каля 9 тысяч чалавек прыйшло ў Палац спорту на Нямігу, каб пачуць любімы гурт.

Каб трапіць у палац, трэба было прастаяць шматметровую чаргу. Амонаўцы старанна трэслі ўсіх, каб ніхто не пранёс нічога забароненага. Такога ажыятажу не было нават падчас прыезду сусветных зорак, як Тар’я Турунен і Sepultura.

Што да самога канцэрту, то ён удаўся без усялякіх але, незадаволеных у гэты вечар не было. Ужо ад першай песні – «Да нас прыехаў Трубяцкой» – у зале быў зададзены адпаведны тон. Тыя, хто быў на танцпляцоўцы, ужо маглі выкручваць ад поту свае кашулі і майкі. Усе адрываліся па поўнай.

Увесь у татуіроўках Міхалок даваў жару, не шкадуючы сваёй глоткі (голас сарваў ужо ў першай частцы выступу) і таксама іншых частак цела. На працягу ўсяго выступу музыкі здзяйснялі неймаверныя акрабатычныя трукі.

У перапынках між выступамі Міхалок чытаў «эпічныя чыталкі» Юзіка Кілевіча, а таксама ўласныя маналогі. Напрыклад, пра тое, што нас прымушаюць сябраваць з Венесуэлай. Кожная песня суправаджалася адмысловым відэашэрагам. Калі пачалі выконваць «Капітал», на сцяне з’явіліся і кадры з вядомага кліпу. Было цікава, ці пакажуць ППРБ. Не, не паказалі. З усіх пяці дыктатараў, што фігуравалі ў кліпе, паказалі толькі нябожчыка Хусейна. Лукашэнку з Кастра, Чавесам і Ахмадзінежада ўсё ж выразалі.

Калі загучала першая беларускамоўная песня «Зорачкі», у натоўпе з’явіўся першы бел‑чырвона‑белы сцяг.

Потым другі. Ніхто так і не спрабаваў іх адабраць. І сцягі пралуналі аж да заканчэння канцэрту.

«Вярніце нам павагу без крыві і рэвалюцыі», — папрасіў са сцэны Міхалок перад тым, як пачаў спяваць «Залаты гадзіннік у чорнай вароны, Хлопец дурны, як малпа з каронай». І ўся зала ў агульным парыве спявала пра Пагоню, што побач, а таксама паўтарала бясконцую колькасць разоў следам за артыстам Belarus Freedom.

Гэтая песня ўпершыню была выкананая на Радзіме, насуперак ранейшым заявам, што ў Беларусі яе спяваць не будуць.

Новыя «Ляпісы» заўважна кантрастуюць з былымі апальнымі рок-гуртамі, якія пасля славутага паходу ў Адміністрацыю прэзідэнта пазбягаюць выконваць на канцэртах свае найбольш палітычныя і правакацыйныя кампазіцыі.

Чаго баяцца, калі за табою — 9‑тысячная зала?

«Ляпісы» выканалі амаль усе песні з новага альбому, а таксама частку старых хітоў. На біс гурт заспяваў яшчэ дзве абсалютна новыя тэмы — «Буравеснік» і «Вясёлыя качкі». Цяпер гурт чакае турнэ па іншых гарадах краіны. Напэўна, і там будзе не менш горача.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках