26 красавiка 2024, Пятніца, 13:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На беларускай мяжы затрыманы мастак Алесь Пушкін (Абноўлена)

11

У цягніку, які ішоў з Варшавы ў Менск, сёння ўначы быў затрыманы вядомы мастак Алесь Пушкін.

Алесь Пушкін вяртаўся з Варшавы, дзе знаходзіўся па запрашэнні тэлекампаніі Белсат. Як толькі цягнік прыбыў у Брэст (прыблізна ў 01:10), беларускія памежнікі без тлумачэння прычын вывялі мастака з цягніка. Пушкіна пратрымалі ў цэнтральным аддзеле мытнага кантролю Брэста 2,5 гадзіны.

Як распавёў у інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі’97 мастак Алесь Пушкін, яго затрымалі «за беларускую мову».

«У 01:10 ночы на станцыі Брэст-Цэнтральны ўпершыню ў жыцці я стаў ахвярай вельмі сур'ёзнага і дбайнага ператруса, -- узгадвае Алесь Пушкін. -- У вагон увайшла інспектар памежнага кантролю – Людміла Ўласава. Усё было добра да таго часу, пакуль яна не звярнула ўвагу на маю беларускую мову. Уласава ўзяла мой пашпарт і сышла, пасля чаго вярнулася з супрацоўнікам памежкантролю. Мяне пачалі абшукваць. З Варшавы я вёз кнігі, якія купіў у «Цэнтры сучаснай увагі». Памежнікі вывялі мяне з вагона і адвялі цэнтральны аддзел мытнага кантролю».

Па словах Алеся Пушкіна, яго дбайна правяралі на працягу 2,5 гадзін, пасля чаго канфіскавалі 2 набытыя ў Варшаве кнігі і адпусцілі.

«Начальнік цэнтральнага мытнага кантролю Брэста, які працуе пад нумарам 09 – 0206 рабіў выгляд, што не разумее беларускай мовы, -- кажа Алесь Пушкін. -- У той жа час ён надаў адмысловую ўвагу набытым мною ў Варшаве кнігам і праглядаў іх з разуменнем. Мытнікі склалі акт канфіскацыі дзвюх кніг – «Пратакол затрымання тавараў і дакументаў на іх №015014». У мяне забралі кнігу «Беларусь. Разрыў пакаленняў. Адрозненні ў мэтах, каштоўнасцях, стратэгіі» пад рэдакцыяй Андрэя Дынько і «Беларускія Ведамасці №2» (Нью-Ёрк – Варшава). Гэта, вядома, нонсэнс. Мытнікі ў мяне спыталі, навошта мне гэтыя кнігі. Я сказаў, што вязу іх з вольнай Польшчы ў нявольную Беларусь, каб у сваёй вёсцы вучыць людзей разумнаму, вечнаму, добраму».

Праз 2,5 гадзіны пасля затрымання Алеся Пушкіна адпусцілі. Кнігі былі выключаныя да 14 мая для вывучэння зместу.

Беларускі мастак Алесь Пушкін вядомы сваімі перфомансамі на грамадска-палітычную тэматыку. Адзін з самых вядомых – калі ў 1999 годзе Алесь Пушкін перавярнуў каляску з гноем перад адміністрацыяй Аляксандра Лукашэнкі. За гэты перфоманс мастак быў прысуджаны да двух год пазбаўлення волі ўмоўна.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках