29 сакавiка 2024, Пятніца, 13:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Звольнены трэнер, каманда якога перамагла Лукашэнку

56

Яўген Лебедзеў застаўся без працы на наступны дзень пасля таго як яго гульцы абгулялі ў хакей каманду Лукашэнкі.

Назіральны савет жлобінскага хакейнага клуба «Металург», па паведамленні БелТА, прыняў рашэнне аб датэрміновым скасаванні кантракту з галоўным трэнерам каманды Гомельскай вобласці Яўгенам Лебедзевым, які ў цяперашнім сезоне прывёў дружыну да бронзавых медалёў адкрытага чэмпіянату Беларусі па хакеі.

Дырэктар клуба Алег Багарад не стаў каментаваць матывы такога рашэння, дадаўшы толькі, што імя новага настаўніка «Металурга» стане вядома да канца красавіка.

Яўген Лебедзеў паабяцаў пракаментаваць сітуацыю пасля афіцыйнага рашэння аб адстаўцы. «Назіральны савет клуба на сваім паседжанні вырашыў сёння скасаваць са мной кантракт, але дакумента, дзе была б названая матывіроўка звальнення, у мяне на руках няма. Таму ад каментароў пакуль устрымаюся», - сказаў 49-гадовы спецыяліст.

Звальненне даволі нечаканае, бо задачу на сезон - заваёву медалёў чэмпіянату Беларусі - узначаленая ім каманда вырашыла.

Заняўшы трэцяе месца па выніках рэгулярнага сезону, у першым раўндзе плэй-оф «Металург» выбіў з барацьбы леташняга чэмпіёна - менскі «Керамін» - 2:3, 6:4, 3:1, 2:1. А ў паўфінале жлобінская дружына саступіла «Гомелю» - 0:1, 0:3, 2:4. Тым не менш упершыню ў трохгадовай гісторыі клуба «Металург» узняўся на п'едэстал, стаўшы бронзавым прызёрам.

Яўген Лебедзеў узначальваў каманду з моманту яе стварэння ў 2006 годзе. Да гэтага ён трэніраваў «Берасце», менскі «Керамін», «Гомель», менскія «Легіён» і «Цівалі» (Менск), жлобінскую «Белсталь». Прыводзіў да срэбных медалёў нацыянальнага чэмпіянату «Цівалі» (1997) і «Керамін» (2003, 2004), двойчы разам з «Керамінам» (2003, 2004) станавіўся пераможцам Усходне-Еўрапейскай хакейнай лігі (УЕХЛ), якая аб'ядноўвае клубы Беларусі, Украіны, Латвіі і Расеі. Вось толькі золата чэмпіянатаў Беларусі ў яго калекцыі дагэтуль няма.

Яўген Лебедзеў стаяў таксама ля вытокаў клуба «Гомель», у 2000 годзе стаўшы яго першым трэнерам.

Аднак у мінулыя выходныя каманда аматараў пад яго кіраўніцтвам абгуляла прэзідэнцкую дружыну. У Беларусі на такі дэмарш яшчэ ніхто не вырашаўся, звычайна з Лукашэнкам ўсё гуляюць у паддаўкі. Яму на лыжнай трасе прайграюць прафесійныя лыжнікі, на хакейным полі -- прафесійныя хакеісты. Як вынік -- звальненне Лебедзева з асноўнага месца працы.

Напісаць каментар 56

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках