27 красавiка 2024, Субота, 19:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Жанна Літвіна адмовілася ўдзельнічаць у ток-шоў на БТ

7

Старшыня Беларуская асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна адмовілася ад удзелу ў тэлепраграме Аляксандра Мартыненкі «Ответный ход», што выходзіць у эфір на Першым нацыянальным канале.

У гутарцы з прэс-службай БАЖ Жанна Літвіна патлумачыла прычыну свайго рашэння адмовіцца ад удзелу ў ток-шоў на тэму развіцця беларускай інфармацыйнай прасторы, запіс якога адбыўся 22 красавіка.

«Праграма не прадугледжвае трансляцыі ў прамым эфіры. Гэта азначае магчымасць умяшальніцтва ў выказванні яе ўдзельнікаў. Яшчэ горш, калі пры мантажы інфармацыю «адфільтруюць», выхапіўшы асобныя выказванні з кантэксту. На жаль, гэта сёння шырока практыкуецца на нашым тэлебачанні. Я не хачу быць саўдзельніцай няшчырасці і скажэння рэаліяў», - заявіла старшыня БАЖ.

Жанна Літвіна лічыць, што шматгадовы досвед працы ў сістэме Белтэлерадыё дае ёй маральнае права адмаўляцца альбо прымаць запрашэнні на ўдзел у такіх праграмах.

«На шчасце, я заспела часы росквіту беларускага тэлебачання і радыё, часы жывых эфіраў, калі галоўным правілам журналістаў было — данесці да аўдыторыі кожную думку свайго суразмоўцы. Аднак сёння ўсё гэта перакрэслена. Выглядае на тое, што нашы калегі змірыліся з роляй выканаўцаў ідэалагічнага заказу», - сказала яна.

Старшыня БАЖ нагадала, што праблемы, з якімі сутыкаюцца недзяржаўныя СМІ, ужо больш чым паўгода таму пісьмова выкладзеныя і дасланыя кіраўнікам шэрагу дзяржаўных органаў, агучаныя ў прысутнасці прадстаўнікоў Адміністрацыі Лукашэнкі, Міністэрства інфармацыі, падчас круглых сталоў - не кажучы ўжо пра старонкі недзяржаўнай прэсы і Інтэрнет.

«Рэакцыя на нашы звароты — нулявая, праблемы не вырашаныя, а толькі яшчэ больш абвастраюцца. Я маю на ўвазе ў першую чаргу новую хвалю адмоваў у распаўсюдзе недзяржаўных газет і ў акрэдытацыі журналістаў. На сёння мы наблізіліся да той мяжы, калі нам неабходна прынцыповае рэфармаванне медыясферы. Заканадаўцам, экспертам, усім зацікаўленым бакам варта сабрацца на грамадзкія слуханні, вынікам якіх сталі б крокі па ўрэгуляванні стасункаў улады з прэсай, вызначэнне ролі і месца СМІ ў грамадстве ў адпаведнасці з Канстытуцыяй», - зазначыла Жанна Літвіна.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках