Сёлета бензін у Беларусі таннець не будзе
12- 27.05.2009, 9:16
Калі кошт на бензін вырасце, то аўтамабілісты пачнуць запраўляцца ва Ўкраіне і Расеі
Увосень мінулага года, калі з-за крызісу ўпалі кошты на нафту, ва ўсім свеце істотна патаннеў бензін. «Зніжкавая» хваля дайшла да Беларусі толькі ў снежні. Але нафта патаннела ў разы, а бензін у нашай краіне - толькі на 20%, паведамляе «Комсомольская правда в Беларуси».
Намеснік старшыні канцэрна «Белнафтахім» Браніслаў Сівой заяўляе, што паніжэння коштаў на бензін беларусам не варта чакаць і сёлета.
«Не. Паніжэння кошту бензіну сёлета не будзе. Гэта дакладна», -- кажа Сівой.
Нагадаем, летась бензін і дызпаліва таннелі ў суседніх краінах.
«У перыяд, калі ў свеце рэзка ўпалі кошты на нафту, на нафтапрадукты, мы на ўнутраным рынку знізілі кошты толькі на 20%, -- адзначае Браніслаў Сівой. -- Хоць, па ідэі, калі ўсё ў разы падала, павінна было ў разы ўпасць на ўнутраным рынку. Але гэтага не адбылося, таму што на ўнутраным рынку не было таго кошту, які быў на знешнім рынку на той перыяд. На сённяшні дзень сітуацыя непрадказальная. Вядома, мы, са свайго боку, будзем прымаць усе намаганні, каб кошт на ўнутраным рынку быў прыкладна на тых узроўнях, якія маюцца на сённяшні дзень. Паднімаючы кошт на ўнутраным рынку, мы можам яго страціць, таму што будуць запраўляцца ва Ўкраіне і Расеі».