Урад Літвы з-за крызісу прадае службовыя аўтамабілі, а беларускія чыноўнікі ездзяць на “Порш”
29- 28.05.2009, 9:15
У сувязі з эканамічным крызісам літоўскі ўрад вырашыў адмовіцца ад паловы службовых аўтамабіляў.
За кошт гэтага літоўскія ўлады разлічваюць зэканоміць каля 30 мільёнаў літаў (каля 12 мільёнаў даляраў) у год. Лішнія аўтамабілі будуць прададзеныя, паведамляе REGNUM.
Раней урад Літвы прыняў цэлы шэраг мер, закліканых скараціць дзяржаўныя выдаткі і паменшыць дэфіцыт бюджэту. У прыватнасці, былі паніжаныя заробкі дзяржслужачых (уключаючы міністраў). Для таго, каб павялічыць прыбыткі дзяржавы, у канцы 2008 года быў адменены шэраг падатковых ільгот.
У маі парламент прыняў папраўкі ў бюджэт, у адпаведнасці з якімі выдаткі дзяржавы былі зрэзаныя на тры мільярды літаў (каля 1,1 мільярда даляраў). Аднак улады краіны ўжо заяўляюць, што гэтыя меры недастатковыя: чарговае скарачэнне бюджэту плануецца правесці ў бліжэйшыя месяцы.
Скарачэнні выдаткаў, што выклікалі незадаволенасць насельніцтва рэспублікі, закліканыя акрамя іншага прывесці макраэканамічныя паказчыкі Літвы ў адпаведнасць з патрабаваннямі ЕЗ. Ужо па выніках 2008 гоаы краіна, як стала вядома, перавысіла дазволены Маастрыхцкімі дамовамі трохпрацэнтны дэфіцыт бюджэту.
Адзначым, што беларускія чыноўнікі на службовых аўтамабілях не эканомяць. Як ужо пісаў жж-карыстальнік malishevsky, у гаражах чыноўнікаў стаяць: спартовы пазадарожнік Audi Q7, Крайслер Гранд Ваяж,BMW 7, Порш Каен, Хамер Н2.