Апошні дыктатар Еўропы сустрэўся з лідэрам «памаранчавай рэвалюцыі» (Абноўлена)
26- 6.05.2009, 12:38
Прэзідэнт Украіны Віктар Юшчанка сустрэўся ў Гомелі з Аляксандрам Лукашэнкай. Ніякія канкрэтныя дамоўленасці пакуль дасягнутыя не былі.
Перамовы праходзілі ў вузкім коле ў палацы Румянцавых і Паскевічаў.
Як паведамляе «Інтэрфакс», пасля сустрэчы, якая доўжылася прыкладна з 13.00 да 17.00, Аляксандр Лукашэнка падзякаваў Віктару Юшчанку за лабіяванне інтэрасаў Беларусі ва «Ўсходнім партнёрстве».
«Мы вельмі ўдзячныя вам - Віктар Андрэевіч за тое, што вы шмат зрабілі за тое, каб Беларусь была ва «Ўсходнім партнёрстве», - сказаў Лукашэнка.
У сваю чаргу прэзідэнт Украіны паведаміў, што падчас сустрэч з Лукашэнкай былі падрабязна абмеркаваныя пытанні «нашага ўзаемадзеяння ў межах «Усходняга партнёрства», пра нашыя камунікацыі ў межах «Усходняга партнёрства». «Украіна і Беларусь зацікаўленыя ў праектах, якія ўваходзяць у комплекс «Усходняга партнёрства», - сказаў Юшчанка. Ён заявіў, што «нарада па прэзентацыі «Ўсходняга партнёрства», якая пройдзе заўтра, дасць магчымасць выйсці на канкрэтныя праекты».
Аляксандр Лукашэнка таксама заявіў аб гатовасці ўдзельнічаць у рэалізацыі энергетычных праектаў сумесна з Украінай і еўрапейскімі партнёрамі.
«Мы шмат казалі сёння па энергетычных пытаннях. Віктар Андрэевіч сказаў мне, што Еўропа цікавіцца пазіцыяй Беларусі па энергетычных пытаннях, транзіце. Я адказаў: так, гэта нам вельмі выгадна, усе гэтыя праекты будуць намі падтрымлівацца і рэалізоўвацца», - адзначыў беларускі кіраўнік.
У сваю чаргу ўкраінскі прэзідэнт заявіў: «Мы зацікаўленыя ў супрацоўніцтве ў сферы энергетыкі, энергетычнага транзіту». У прыватнасці, В.Юшчанка лічыць неабходным падрыхтаваць тэхніка-эканамічнае абгрунтаванне па праекце, датычным паставак каспійскай нафты ў Беларусь і на еўрапейскі рынак. «Украіна, Беларусь і іншыя нашыя партнёры маюць магчымасці для рэалізацыі сумесных праектаў у інтэрасах кожнага з бакоў», - заявіў прэзідэнт Украіны.
У паездцы прэзідэнта Украіны суправаджаюць ч. в.а. міністра замежных справаў Уладзімір Хандогі, намеснік кіраўніка Сакратарыята прэзідэнта Андрэй Ганчарук, першы намеснік міністра паліва і энергетыкі Алег Бугаеў, намеснік міністра фінансаў Андрэй Кравец, старшыня НБУ Уладзімір Стэльмах і кіраўнік РБУ Валянцін Налівайчанка.
Апошні раз Лукашэнка і Юшчанка сустракаліся 20 студзеня ў Чарнігаве (Украіна). Па выніках сустрэчы быў падпісаны шэраг дакументаў: мемарандум аб супрацоўніцтве ў энергетычнай сферы, консульская канвенцыя, мемарандум паміж урадамі і нацбанкамі аб выпрацоўцы мераў па інтэнсіфікацыі гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва ва ўмовах крызісу, міжурадавае пагадненне аб спрошчаным парадку праезду беларускага ўчастку аўтадарогі Славуціч — Чарнобыльская АЭС працаўнікамі і транспартнымі сродкамі прадпрыемстваў, якія ажыццяўляюць дзейнасць у зоне адчужэння, і пратакол да гэтага пагаднення.
У Чарнігаве было заяўлена, што сустрэча прэм'ер-міністраў двух краінаў адбудзецца «у найбліжэйшыя дзесяць дзён», каб аформіць усё дасягнутыя на вышэйшым узроўні дамоўленасці. Аднак Сяргей Сідорскі і Юлія Цімашэнка не сустрэліся дагэтуль.