26 красавiка 2024, Пятніца, 18:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беніта Ферэра-Вальднер: Калі беларусы абяруць Еўропу, іх будуць чакаць з распасцёртымі абдымкамі (Вiдэа)

43
Беніта Ферэра-Вальднер: Калі беларусы абяруць Еўропу, іх будуць чакаць з распасцёртымі абдымкамі (Вiдэа)

Правы чалавека з'яўляюцца галоўным крытэрам развіцця адносінаў паміж афіцыйным Менскам і Еўразвязам.

Пасля сустрэч з актывістамі апазіцыі і грамадзянскай супольнасці, а таксама з Аляксандрам Лукашэнкай і кіраўніком МЗС Сяргеем Мартынавым, камісар Еўразвяза па знешніх сувязях і палітыцы добрасуседства Беніта Ферэра-Вальднер выступіла ў менскай гасцініцы «Еўропа». На сустрэчы прысутнічалі як апазіцыйныя палітыкі і незалежныя журналісты, так і дзяржаўныя чыноўнікі і журналісты дзяржСМІ.

Камісар Еўразвяза заявіла, што сёння перад Беларуссю адкрываюцца вялікія магчымасці, як у межах праграмы «Ўсходняе партнёрства» (Ферэра-Вальднер назвала сябе «маці» гэтай праграмы), так і ў межах Еўрапейскай палітыкі добрасуседства.

Беніта Ферэра-Вальднер заявіла, што, па меркаванні кіраўніцтва Еўразвяза, прагрэс у галіне дэмакратызацыі ў Беларусі спыніўся. Яна нагадала, што Еўразвяз грунтуецца на такіх каштоўнасцях, як правы чалавека, вольныя выбары, вяршэнства закона і свабода асобы. І толькі з прагрэсам у гэтых галінах ЕЗ звязвае пашырэнне супрацоўніцтва з Беларуссю, адзначыла еўракамісар.

Па словах Вальднер, правы чалавека з'яўляюцца галоўным крытэрам развіцця адносінаў паміж афіцыйным Менскам і Еўразвязам. «Выбар за самой Беларуссю» , -- заявіла камісар ЕЗ і нагадала, што ў сакавіку гэтага года еўрапейцы прыпынілі санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў. У снежні міністры замежных спраў 27 краін ЕЗ зноў будуць вырашаць, падоўжыць адмену санкцый або ўвесці іх зноў, адзначыла Беніта Ферэра-Вальднер і сказала, што папярэдзіла аб гэтым сёння Аляксандра Лукашэнку і Сяргея Мартынава.

Камісар прызналася, што чакала паездкі ў Беларусь 4,5 гады і, што вельмі сімвалічна, што ўсе ейныя сустрэчы ў Менску праходзілі ў гасцініцы «Еўропа». Ферэра-Вальднер выказала задавальненне тым, што змагла сустрэцца як з прадстаўнікамі ўлад, так і з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці.

Адказваючы на пытанне, пра што яна казала на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкай, Беніта Ферэра-Вальднер прызналася, што сустрэча доўжылася 2,5 гадзіны. Камісар Еўразвяза заявіла, што Еўразвяз зараз фармулюе ўмовы супрацоўніцтва беларускіх уладаў з ЕЗ. Галоўныя з іх – занясенне змен у выбарчае заканадаўства, свабода слова, свабода асацыяцый, свабода асобы і свабода сходаў.

«Людзі не павінныя баяцца выказваць свае думкі на мітынгах і дэманстрацыях, а актывісты павінныя працаваць без аглядкі на арышты», -- адзначыла Ферэра-Вальднер.

Па словах еўракамісара, пасля сённяшніх сустрэч пачнуцца двухбаковыя перамовы па ўсіх канкрэтных пытаннях, уключаючы адкрыццё еўрапейскіх рынкаў для беларускіх вытворцаў.

«Калі беларусы абяруць Еўропу, іх будуць чакаць з распасцёртымі абдымкамі. У вас ёсць усе магчымасці, і я думаю, вы іх выкарыстаеце» , - заявіла Беніта Ферэра-Вальднер.

Напісаць каментар 43

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках