Беларускія НПЗ не могуць адгрузіць нафтапрадукты па віне латвійскіх партоў
5- 24.06.2009, 11:12
Мазырскі НПЗ і ААТ «Нафтан» занепакоеныя праблемай адсутнасці чыгуначных цыстэрнаў для вывазу нафтапрадуктаў з прычыны доўгіх прастояў рухомага складу ў латвійскіх партах.
Пра гэта заявіў агенцтву «Інтэрфакс-Захад» прадстаўнік Мазырскага НПЗ.
«У партах Балтыі, у асноўным у Латвіі, зараз у чаканні зліва знаходзяцца каля 2000 беларускіх вагонацыстэрнаў. І калі яны вызваляцца, невядома», - сказаў прадстаўнік МНПЗ, адзначыўшы, што такога ж кшталту цяжкасці зараз церпіць і ААТ «Нафтан».
Ён падкрэсліў, што «у ранейшыя гады праблемы з дэфіцытам цыстэрнаў у гэты час не назіралася».
Суразмоўца паведаміў, што толькі ў траўні, паводле прынятых заявак, чыгунка недапаставіла для адгрузкі 935 вагонацыстэрнаў, што эквівалентна 50 тыс.т невывезенай таварнай прадукцыі.
«У цяперашні час становішча з адгрузкай нафтапрадуктаў працягвае заставацца вельмі складаным. Толькі за першыя два тыдні чэрвеня на завод недапастаўлена 1225 вагонацыстэрнаў - гэта яшчэ 65 тыс.т невывезенай прадукцыі», - сказаў прадстаўнік МНПЗ. «У выніку напаўняльнасць рэзервуараў дасягнула крытычнай адзнакі, пераважна ідзе назапашванне бензінаў», - падкрэсліў ён.
Паводле яго словаў, Беларуская чыгунка ўзяла ў арэнду 500 вагонацыстэрнаў у РФ. Аднак на МНПЗ не выключаюць, што гэтага аб'ёму ўсё роўна будзе недастаткова і прыйдзецца дадаткова арандаваць вагонацыстэрны ва Украіне.
Паводле дадзеных Белстата, пагрузка нафты і нафтапрадуктаў на чыгуначным транспарце ў студзені-траўні 2009 года склала 9,8 млн т, што на 3,8% больш, чым у студзені-траўні 2008 года.