20 траўня 2024, панядзелак, 22:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Беларусі вынеслі чарговы смяротны прысуд

38

Берасцейскі абласны суд прысудзіў 30-гадовага мужчыну да смяротнага пакарання за здзяйсненне серыі забойстваў.

Яго 28-гадовага саўдзельніка — да пажыццёвага зняволення з адбыццём пакарання ў выпраўленчай калоніі асаблівага рэжыму, піша БелаПАН.

Асуджаныя пражывалі ў вёсцы Тарацця (30-гадовы — без грамадзянства, 28-гадовы грамадзянін Украіны — без віда на жыхарства).

Як паведаміла начальніца аддзела пракуратуры Берасцейскай вобласці Наталля Васярчук, якая падтрымлівала дзяржаўнае абвінавачванне па гэтай справе, 29 чэрвеня суд прызнаў 30-гадовага мужчыну вінаватым у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных пунктамі 12, 15, 16 ч. 2 арт. 139 (забойства пры абцяжарвальных абставінах), ч. 2 і 3 арт. 207 (разбой), яго саўдзельніка — вінаватым у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных пунктамі 12, 15, 16 ч. 2 арт. 139 і ч. 3 арт. 207 Крымінальнага кодэкса.

Падчас судовага паседжання выяўлена, што з лістапада 2007 года па студзень 2008 года злачынцы здзейснілі ў Драгічынскім раёне чатыры забойствы пажылых адзінокіх жанчынаў. Яшчэ два аналагічныя забойствы ў гэтым рэгіёне 30-гадовы асуджаны здзейсніў адзін.

Акрамя таго, суд палічыў даказаным здзяйсненне апошнім разбою на тэрыторыі Гарадзенскай вобласці.

Нагадаем, што 23 чэрвеня Рада Еўропы прыняла рэзалюцыю, паводле якой беларускі «парламент» атрымае статус спецыяльнага запрошанага ў ПАРЕ толькі пасля адмены смяротнага пакарання.

У адказ беларускія «дэпутаты» заявілі, што ў Беларусі практычна ўжо год не праводзіцца смяротнае пакаранне. Шмат якія чыноўнікі выказалі меркаванне, што для адмены смяротнага пакарання ў Беларусі прыйдзецца правесці рэферэндум.

У сваю чаргу прадстаўнікі міжнародных інстытутаў, такіх як «Міжнародная амністыя», неаднаразова заяўлялі, што для адмены смяротнага пакарання рэферэндум не патрэбны.

Так у інтэрв'ю БелаПАН намеснік генеральнага сакратара Рады Еўропы Мод дэ Бур-Букікіа заявіла, што «адмена смяротнага пакарання - гэта пытанне не рэферэндуму, а праявы палітычнай волі з боку ўладаў».

Напісаць каментар 38

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках