3 траўня 2024, Пятніца, 10:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прадаваць піва ў кіёсках па-ранейшаму забаронена

8

Міністэрства гандлю Беларусі пакінула ў сіле забарону на продаж піва аб'ектамі дробнарознічнай гандлёвай сеткі.

Такі адказ быў атрыманы РГА «Перспектыва», якое прапаноўвала Савету міністраў дазволіць у кіёсках і павільёнах продаж піва айчынных вытворцаў.

У лісце Мінгандлю ў адказ сказана: «Забарона накіраваная перш за ўсё на папярэджанне п'янства і алкагалізму сярод непаўнагадовых і падлеткаў, як найбольш верагодных пакупнікоў гэтай прадукцыі ў аб'ектах дробнарознічнай гандлёвай сеткі». Паводле інфармацыі Мінгандлю, «менавіта прадаўцамі кіёскаў ігнаруюцца правілы гандлю ў частцы забароны продажу непаўнагадовым ва ўзросце да 18 гадоў слабаалкагольных напояў і піва».

У лісце адзначаецца, што, паводле інфармацыі канцэрна «Белдзяржхарчпрам», абмежавальныя меры рэалізацыі піва прывялі да зніжэння аб'ёмаў продажу гэтай прадукцыі праз дробнарознічную гандлёвую сетку ў кампаніяў Heineken Belarus (на 25%) і «Крыніца» (на 29%). У сувязі з гэтым канцэрн лічыць мэтазгодным захаваць магчымасць рэалізацыі піва праз дробнарознічную гандлёвую сетку.

Аднак Мінгандлю звяртае ўвагу на тое, што зніжэнне аб'ёмаў продажу піва вытворчасці ААТ «Крыніца» у першым квартале 2009 года адбылося ў Менску і Віцебскай вобласці, дзе рашэнні па абмежаванні рэалізацыі піва не прымаліся.

Каментуючы БелаПАН адказ чыноўнікаў, кіраўнік «Перспектывы» Анатоль Шумчанка заявіў: «Мы прыйшлі да высновы, што за гэтай забаронай хтосьці стаіць, і яго дзеяння па ліквідацыі дробнарознічнай сеткі наўмысныя». Паводле словаў Шумчанкі, у асабістых гутарках з ім асобныя прадстаўнікі мясцовых уладаў і дэпартамента па прадпрымальніцтве пры Міністэрстве эканомікі заяўлялі, што не разумеюць неабходнасці забароны рэалізацыі піва ў кіёсках і павільёнах.

Нягледзячы на жорсткую пазіцыю Мінгандлю, у жніўні «Перспектыва» мае намер правесці ў Менску сустрэчу кіраўнікоў малых гандлёвых прадпрыемстваў, на якую плануецца запрасіць уладальнікаў кіёскаў, павільёнаў, беларускіх півавараў, прадстаўнікоў Грамадска-кансультатыўнага савета пры Адміністрацыі прэзідэнта, амбасадараў краінаў ЕЗ. «Мы маем намер абмеркаваць праблему з ўсімі запрошанымі», — падкрэсліў Шумчанка.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках