Лідэр РНА патрапіў пад амністыю ў гонар 65-годдзя вызвалення Беларусі ад фашыстаў
12- 8.07.2009, 13:41
Адзін з кіраўнікоў РНА ў Гомелі Андрэй Несцяровіч вярнуўся ў родны горад праз двухгадовае знаходжанне ва ўцёках.
Удзельнік радыкальнай нацыяналістычнай арганізацыі павінен быў адседзець тэрмін у выпраўленчых установах. Аб гэтым нават у свой час паведамляла прэс-служба УКДБ па Гомельскай вобласці. Праўда, камітэтчыкі чамусьці абвінавацілі актывіста шавіністычнага руху РНА усяго толькі па артыкуле 193.1 КК (дзейнасць і арганізацыя дзейнасці ад імя незарэгістраванай арганізацыі). Хоць дадзены артыкул традыцыйна лічыцца «апазіцыйным» і выкарыстоўваецца ўладамі для ўціхамірвання актыўных прадстаўнікоў дэмакратычнай моладзі. Нават у Беларусі малады неафашыст мог атрымаць сур'ёзны тэрмін. Напрыклад, артыкул 130, частка 3 КК РБ прадугледжвае пакаранне ў выглядзе арышту ад 5 да 12 год за распальванне расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці або розніцы, здзейсненае групай асоб. Аднак правадыру расейскіх нацыяналістаў у Гомелі толькі пагразілі пальчыкам за дзейнасць без рэгістрацыі.
Але ж былі ў біяграфіі Несцяровіча і зусім небяскрыўдныя ўчынкі. Так, у 2006 годзе гэты грамадзянін збіў хлопца, які спрабаваў ачысціць ад стыкераў РНА адну з цэнтральных вуліц Гомеля. Тады ўвесь горад быў літаральна увешаны ўлёткамі РНА экстрэмісцкага ўтрымання. Літаральна праз некалькі секунд каля месца інцыдэнту з'явіліся прадстаўнікі міліцыі. Ініцыятар бойкі Несцяровіч, нягледзячы на агрэсіўныя паводзіны і абразы, якія ён выкрыкваў, абыйшоўся штрафам і арыштам. Потым быў суд. На працэсе высвятлілася, што дадзены актывіст РНА быў заўважаны ў распаўсюджванні ксенафобскай літаратуры.
У канцы 2006 года Ўпраўлене КДБ па Гомельскай вобласці ініцыявала крымінальную справу ў адносінах двух актывістаў праварадыкальнай экстрэмісцкай арганізацыі РНА (Рускае Нацыянальнае Адзінства). Адзін з іх, Міхаіл Якаўчук, адседзеў ад званка да званка 6 месяцаў арышту ўсё з-за таго ж артыкулу 193-1 КК РБ. Андрэй Несцяровіч на суд не з'явіўся. Па чутках, мясцовы баркашавец хаваўся ў суседняй Расеі. І толькі нядаўна, даведаўшыся аб амністыі ў гонар 65-годдзя вызвалення Беларусі ад фашыстаў, Андрэй Несцяровіч вярнуўся дадому. Суд над экстрэмістам ніхто ў Гомелі не заўважыў, таму як абвінаваўчы прысуд не ўступіў у сілу па прычыне абвешчанай уладамі амністыі. Сёння Несцяровіча можна ўбачыць у цэнтры Гомеля ў чорнай вайсковай форме. Судзячы па знешнім выглядзе амніставанага, ягоныя погляды за гады ўцёкаў ад беларускай Феміды істотных змен не зведалі.
Гомельскі антыфашыст, які пажадаў застацца невядомым, паведаміў «Беларускаму партызану» цікавую падрабязнасць адносна гомельскага аддзялення РНА. Расейскія баркашаўцы адмаўляюць наяўнасць у Гомелі афіцыйнага прадстаўніцтва сваёй структуры. Па іх меркаванні, у горадзе над Сожам дзейнічае дзіўная арганізацыя, якая мае прамую сувязь з КДБ. Верыць гэтай інфармацыі можна з выразным разуменнем таго, што і расейскія структуры РНЕ небеспадстаўна падазраюць у кантактах са спецслужбамі.