Рэжысёра Туровіча затрымалі міліцыянты: у яго шукалі наркотыкі
6- 11.08.2009, 15:02
7 жніўня 50-гадовы акцёр і рэжысёр Аляксей Туровіч быў затрыманы на выездзе з Менска.
«З ужываннем фізічнага гвалту мяне выцягнулі з машыны, надзелі кайданкі і прылюдна абшуквалі на наяўнасць наркатычных рэчываў. Ацяклі рукі – 2 гадзіны знаходзіўся ў кайданках», -- распавядае ён.
Аляксей Туровіч заяўляе, што, па словах супрацоўнікаў міліцыі, яго затрымалі і абшукалі па «ананімцы». У аддзяленні міліцыі рэжысёра пратрымалі 5 гадзінаў.
Рэжысёр сцвярджае, што пры ператрусе ў яго былі канфіскаваныя ключы ад машыны і кватэры. Наркатычных рэчываў знойдзена не было.
«Мяне затрымалі і абшукалі як злачынцу. А я наркотыкі ніколі ў жыцці ў вочы не бачыў», - заявіў Аляксей Туровіч у інтэрв'ю «Мы».
Аляксей Туровіч здымаўся ў фільмах «Кветкі правінцыі», «Вернісаж», «Кантракт са смерцю», «Разлом», «Сын за бацьку». Рэжысёр такіх фільмаў, як «Ліст Феліні», «Сынок», «Яблык Месяца».
Ён балатаваўся ў «дэпутаты» на апошніх «парламенцкіх» выбарах, а таксама з'яўляецца генеральным дырэктарам фірмы «ГандальВестынг».