Лукашэнка гатовы даслаць беларусаў гінуць за Пуціна і Мядзведзева
50- 11.08.2009, 16:29
Наўзамен беларускі кіраўнік просіць пусціць яго на расейскі рынак і не прадаваць энергарэсурсы па «шалёных» коштах.
Беларусь будзе падыходзіць да пытання падпісання пагаднення аб стварэнні Калектыўных сілаў аператыўнага рэагавання (КСАР) у межах АДКБ з пункту гледжання выгоднасці гэтага кроку для краіны, заявіў Аляксандр Лукашэнка, наведваючы 11 жніўня Нясвіжскі раён, перадае «Інтэрфакс».
«Што датычыць падпісання дакументаў, мы абавязкова падпішам, калі гэта будзе выгадна», - падкрэсліў Лукашэнка, адзначыўшы, што «гэта - нашае права».
Пры гэтым ён падкрэсліў, што «там нічога дрэннага няма», асабліва адзначыўшы, што дакумент па стварэнні КСАР з'яўляецца рамачным пагадненнем. Ён патлумачыў, што яно прадугледжвае, што «у нас будуць часткі, якія па агульным рашэнні могуць быць накіраваныя ў тую ці іншую кропку, але калі я буду супраць - іх (беларускія вайсковыя часткі) ніхто нікуды не адправіць, калі Расея будзе супраць - іх войскі таксама ніхто нікуды не накіруе». «Гэта рамачнае пагадненне, яно абсалютна не шкодзіць нашай дзяржаве», - падкрэсліў Лукашэнка.
Ён таксама дадаў, што Беларусь не мае намеру дэманстраваць нейкія непрыстойныя адносіны ў дачыненні да сваіх саюзнікаў па АДКБ. «У нас нармальная пазіцыя ў АДКБ», - адзначыў А.Лукашэнка.
«Усе разумеюць, што без Беларусі няма АДКБ, і не будзе, таму ёсць асцярогі, што ў Беларусі адыйшлі ад гэтай палітыкі», - працягнуў А.Лукашэнка.
Пры гэтым Лукашэнка падкрэсліў, «што мы ні з кім не хочам пасварыцца, мы хочам быць у міры і ў сяброўстве і з Захадам, і з Усходам». «Тое, што я не прыехаў на саміт АДКБ у Маскву, не значыць, што мы супраць інтэграцыйных працэсаў, у тым ліку і ў ваенна-палітычнай сферы», - падкрэсліў А.Лукашэнка.
Ён таксама абверг інфармацыю, якая з'явілася ў расейскіх СМІ, пра тое, што на нефармальным саміце АДКБ у Кыргызтане на Беларусь аказваўся ціск з тым, каб яна падпісала пагадненне аб стварэнні КСАР і ўзяла старшынства ў АДКБ. «Не было ніякага шантажу і ціску», - канстатаваў Лукашэнка і дадаў, што яму задавалі пытанне пра планы Беларусі па гэтых тэмах. Па словах Лукашэнкі, ён адказаў, што за ім як кіраўніком дзяржавы застаецца права прымаць рашэнне.
Пры гэтым беларускі кіраўнік дадаў, што на нефармальным саміце ён задаў сваім калегам сустрэчнае пытанне:
«Скажыце, што я павінен абараняць у вас і за што павінны гінуць мае хлопцы? За тое, што Беларусь у Расеі на рынак не пускаюць? Ці за тое, што энергарэсурсы з Казахстана, Расеі па шалёных коштах павінен набыць?». «Ніхто не спрабаваў на мяне націснуць, былі натуральныя пытанні, і быў мой жорсткі выступ: калі мы збіраемся гінуць адзін за аднаго, дык давайце не будзем накатваць адзін на аднаго, будзем жыць як у адной дзяржаве», - працягнуў Лукашэнка.
Раней газета «Коммерсант» паведамляла, што на нефармальным саміце АДКБ, які прайшоў у Кыргызтане, Аляксандр Лукашэнка паабяцаў не толькі пры першай магчымасці падпісаць пагадненне па КСАР, але і заступіць на пасаду старшыні АДКБ, якую Менск павінен быў заняць яшчэ падчас чэрвеньскага саміту ў Маскве.
Такая магчымасць надарыцца ў хуткім часе. У жніўні ў Казахстане стартуюць першыя ваенныя вучэнні КСАР, якія працягнуцца да сярэдзіны восені. Прэзідэнты краінаў АДКБ плануюць асабіста паназіраць за іх актыўнай фазай — яна пачнецца 14 кастрычніка.
Незалежныя эксперты ўпэўненыя, што КСАР ствараецца, перш за ўсё, для задушэння выступаў дэмакратычнай апазіцыі ў краінах-удзельніцах Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бяспецы.
Удзельнікамі АДКБ з'яўляюцца Расея, Казахстан, Беларусь, Кыргызстан, Таджыкістан, Узбекістан і Арменія.