13 чэрвеня 2026, Субота, 20:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Апазіцыянера пакаралі штрафам за бел-чырвона-белы сцяг

6

Суд Чыгуначнага раёна Віцебску аштрафаваў актывіста «Маладой Беларусі» Тараса Сургана.

Моладзевага актывіста аштрафавалі за тое, што 16 ліпеня, у Дзень салідарнасці, ён спрабаваў вывесіць бел-чырвона-белы сцяг на мосце праз Заходнюю Дзвіну. Як паведамляе «Радыё Свабода», Тарасу Сургану вынеслі штраф у памеры 5 базавых велічыняў (175 тысячаў беларускіх рублёў).

Суддзя Чыгуначнага райсуда Уладзіслаў Шырокаў кіраваўся міліцэйскім пратаколам, складзеным на моладзевага актывіста. У пратаколе было напісана, што Тарас Сурган праводзіў несанкцыянаваны пікет.

З такой фармулёўкай падсудны не пагадзіўся: у судзе ён заявіў, што свой учынак пікетам не лічыць, але здзейсніў яго асэнсавана.

«Я хацеў звярнуць увагу людзей на нашую гісторыю, якую некаторыя імкнуцца забыць і нават знішчыць, -- сказаў апазіцыянер. -- Каб яны ўзгадалі, што тая старая камуністычная сімволіка, якая зараз з'яўляецца дзяржаўнай, ні да чаго добрага краіну не прыводзіла і не прывядзе. Я хацеў, каб людзі на ўсё гэта звярнулі ўвагу і не былі абывацелямі».

Актывіст яшчэ адной арганізацыі - «Маладой Грамады» - Валеры Раманенка таксама быў выкліканы ў Чыгуначны райсуд Віцебску па пратаколе, складзеным супрацоўнікамі міліцыі 16 ліпеня. У пратаколе напісана, што Раманенка мае дачыненне да з'яўлення на мосце праз Дзвіну расцяжкі са словамі «Свабоду палітвязням!»

Валеры Раманенка заявіў у судзе, што яго затрымалі, калі ён праходзіў каля плаката, і таму сваю віну не прызнае. Аднак суддзя Уладзіслаў Шырокаў усё роўна вынес актывісту адміністрацыйнае папярэджанне.

Разам з Тарасам Сурганам і Валерыем Раманенкам 16 ліпеня ў Віцебску таксама былі затрыманыя Кацярына Аляксеева і Філіп Шаўроў.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках