5 траўня 2024, Нядзеля, 14:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Апазіцыянера Андруся Цянюту збіраюцца судзіць за няяўку ў ваенкамат

1

Сёння раніцай ваенкамат выклікаў Андруся Цянюту на апошнюю медкамісію перад прызывам у войска, а пасля абеду ён мусіць з’явіцца ў суд Савецкага раёна.

Адміністрацыйны пратакол аб правапарушэнні склаў на актывіста «Маладога фронта» Андруся Цянюту 10 жніўня намеснік начальніка аддзялення прызыву гарадскога ваенкамата маёр Сяргей Самафалаў. Як пазначана ў пратаколе, за «няяўку 24 ліпеня без паважнай прычыны на мерапрыемствы прызыву на вайсковую службу паводле позвы ваеннага камісарыята». Апроч таго, ваенкамат сваім рашэннем абмежаваў выезд актывіста за межы Беларусі, перадае «Радыё Свабода».

«На медкамісію зранку я пайсці не змог, -- заяўляе Цянюта, -- бо знаходжуся на дзённым стацыянары ў шпіталі хуткай мэдычнай дапамогі. 14 жніўня ваенкамат мяне абавязаў прайсці да сённяшняга дня абследаванне. Лекары выявілі праблемы з пазваночнікам, таму зараз я і знаходжуся ў шпіталі. У суд змагу прыехаць, калі да 15-й гадзіны вызвалюся са шпіталя».

Нагадаем, што Андрусь Цянюта меў адтэрміноўку ад службы ў войску ў сувязі з навучаннем ў Бранскай сельскагаспадарчай акадэміі.

24 ліпеня да яго прыйшла позва, у якой казалася, што ён мусіць з’явіцца ў ваенкамат для прахаджэння вайсковай службы. У адказ Цянюта накіраваў даведку, што з’яўляецца студэнтам Бранскай сельскагаспадарчай акадэміі. Аднак у хуткім часе атрымаў адказ з ваенкамата, што з ВНУ яго адлічылі.

Моладзевы актывіст патэлефанаў у ВНУ і яго запрасілі прыехаць. У акадэміі яму сказалі, што яго адлічаюць з-за запазычанасцяў: паўтары гады таму ён быццам не здаў залік па адным з прадметаў.

Аднак, па словах Цянюты, усе залікі ён здаваў, што можа пацвердзіць ведамасць. У прыватнай размове выкладчыкі патлумачылі моладзеваму актывісту, што адлічэнне звязана з яго палітычнай дзейнасцю.

10 жніўня Андруся Цянюту затрымалі каля пад’езда яго дома супрацоўнікі міліцыі і завезлі ў ваенкамат. З моладзевым актывістам правялі тлумачальную размову і склалі адміністрацыйны пратакол.

Актывіст «Маладога фронта» асцерагаецца, што яго могуць незаконна забраць у войска пасля афіцыйнага сканэчння прызыву і правядзення ваеннай прысягі.

Андрэя Цянюту не раз прысуджалі да штрафаў і адміністрацыйных арыштаў за сваю палітычную дзейнасць. У траўні 2009 года разам з іншымі моладзевымі актывістамі ён трымаў галадоўку салідарнасці з палітвязнямі Мікалаем Аўтуховічам, Юрыем Лявонавым і Уладзімірам Асіпенкам.

Адзначым, што супраць моладзевых актывістаў у Беларусі з нядаўняга часу дзейнічае так званы «палітычны прызыў».

Зміцер Жалезнічэнка быў першым моладзевым актывістам, якога гвалтам прызвалі ў войска. Гомельскага актывіста «Моладзі БНФ» гвалтоўна забралі ў войска 25 студзеня 2008 года. Апазіцыянер быў двойчы адлічаны з Гомельскага дзяржуніверсітэта ім. Ф.Скарыны. Падчас вучобы быў выдатнікам і не прапускаў заняткаў без паважнай прычыны. Першае адлічэнне ў верасні 2007 года актывіст дэмакратычных сіл абскардзіў у судзе і 16 студзеня дамогся ўзнаўлення ў ВНУ, але праз чатыры дні зноў быў адлічаны і адпраўлены ў войска.

У студзені 2009 года падобная сітуацыя паўтарылася з актывістамі «Маладога Фронту» Іванам Шылам і Змітром Хведаруком, а таксама з лідэрам «Моладзі БНФ» Франакам Вячоркам. Моладзевых актывістаў адправілі ў войска, нягледзячы на медыцынскія паказчыкі.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках