29 сакавiка 2024, Пятніца, 4:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Для Беларусі Рыжская дамова – тое ж, што для Польшчы пакт Молатава-Рыбентропа

28

Сёння спаўняецца 70 гадоў з пачатку так званага «вызвольнага пахода» Чырвонай арміі на тэрыторыю Заходняй Беларусі.

Гэты паход, як і ўвогуле пачатак Другой сусветнай вайны, сталі магчымыя пасля Пакта Молатава-Рыбентропа, які быў заключаны месяцам раней у Маскве паміж нацыстскай Германіяй і Савецкім Саюзам без удзелу Польшчы. Гэты пакт і вызначыў хуткую паразу Польшчы і яе падзел паміж агрэсарамі.

Узгадваючы пачатак другой сусветнай вайны, нельга не сказаць пра Рыжскую мірную дамову, якая была заключаная ў 1921-м годзе паміж Савецкай Расіяй і Польшчай і ў пэўнай ступені вызначыла падзеі, якія адбыліся амаль праз дваццаць гадоў.

Пра тое, чым была для Беларусі Рыжская дамова, сайту «Еўрапейская Беларусь» распавёў гісторык і пісьменнік Уладзімер Арлоў.

-- Рыжская мірная дамова была заключаная ў 1921-м годзе паміж Савецкай Расеяй і Польшчай у выніку расейска-польскай вайны. Беларуская дэлегацыя таксама прыехала ў Рыгу, але яе проста не дапусцілі да перамоваў. Так адбылося таму што значная частка польскіх палітыкаў глядзелі на Беларусь не як на дзяржаву, а як на свае «крэсы всходні» і з гэтага сыходзілі. А Савецкая Расея проста гандлявала нашай тэрыторыяй у сваіх мэтах. Па ўмовах дамовы да Польшчы былі далучаныя 29 паветаў Беластоцкага, Віленскага і Навагрудскага ваяводстваў – тэрыторыя плошчай 113 тысячаў квадратных кіламетраў з насельніцтвам больш за 3,5 мільёны чалавек. У той жа час была зноў абвешчаная БССР. Яе плошча была на той момант была 52,4 тыс. кв. кіламетраў. Гэта крыху больш за чвэрць сёнешняй тэрыторыі Беларусі. Тады нават нарадзілася прыказка -- «У Беларусі тры сталіцы – Менск, Лагойск і Плешчаніцы». Гэта было амаль што так, таму што Віцебская, Магілёўская і Смаленская губерніі былі перададзеныя Расеі. Толькі потым частка гэтых земляў была вернутая Беларусі намаганнямі нацыянальна арыентаваных камуністаў. Варта саказаць, што расейскія бальшавікі прапаноўвалі па ўмовах дамовы перадаць Польшчы ўсю Беларусь. Палякі адмовіліся, таму што баяліся, што проста не здолеюць праглынуць такі вялікі кавалак. Але гэта сведчыць пра тое, што для Масквы Беларусь была не больш чым аб’ектам гандлю. Тым не менш, тэрыторыя Беларусі была так пасечаная, і мяжа з Польшчай была так блізка, што даходзіла да кур’ёзаў. Напрыклад, калі ў 30-х гадах у Менску быў пабудаваны оперны тэатр, нехта прапанаваў паставіць на ім 60-мятровую статую Сталіна, але гэтая прапанова была не прынятая з той прычыны, што такая статуя была б бачная з польскай тэрыторыі і ў выпадку вайны была б выкарыстаная артылерыяй у якасці арыентыра.

У 1939-м годзе лёс Беларусі таксама быў мала цікавы маскоўскім валадарам, тым не менш адбылося аб'яднанне беларусаў, але мы заплацілі за гэта страшэнны кошт. На «вызваленых» тэрыторыях адразу пачаліся массавыя дэпартацыі і ліквідацыі карэннага насельніцтва, якое лічылі антыкамуністычным элементам, абмежаванне рэлігійных правоў і шмат іншага. Да чэрвеня 1941-га года тэрыторыя Заходняй Беларусі была тэрыторыяй з асобым рэжымам кіравання. Па старой мяжы засталіся памежныя заставы з аховай. Па сутнасці, тэрыторыя Заходняй Беларусі была велізарным канцлагерам. А тое, што за межамі Беларусі засталіся тэрыторыі з беларускім насельніцтвам ізноў паказвае, што наша краіна была і застаецца разменнай манетай для Крамля, -- распавёў гісторык.

Нягледзячы ні на што, Беларусь стала самастойнай незалежнай дзяржавай. Сёння ў міжнародным праве дзейнічае прынцып непарушнасці дзяржаўных межаў. Дзяржавы прызнаюць межы адзін аднаго як непарушныя і ўстрымліваюцца ад замахаў на межы. Беларусы мусяць ведаць сваю гісторыю.

Карыкатура, прысвечаная Рыжскай мірнай дамове

Гітлер і Сталін сустракаюцца каля трупа Польшчы -- карыкатура, прысвечаная Пакту Молатава-Рыббентропа

"Цікава, колькі працягнецца мядовы месяц" -- карыкатура, прысвечаная Пакту Молатава-Рыббентропа

Напісаць каментар 28

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках