30 красавiка 2024, aўторак, 21:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Журналісты пратэстуюць супраць беззаконня АМАПа на акцыях апазіцыі

3

Грамадскае аб'яднанне «Беларуская асацыяцыя журналістаў» пратэстуе ў сувязі з грубым перашкаджэннем прафесійнай журналісцкай дзейнасці падчас акцыяў 16 і 9 верасня.

Як адзначаецца ў заяве арганізацыі, увечары 16 верасня супрацоўнікі праваахоўных органаў з ужываннем фізічнай сілы забаранялі журналістам беларускіх і замежных СМІ фіксаваць падзеі падчас акцыяў памяці зніклых 10 гадоў таму палітыка Віктара Ганчара і бізнэсмэна Анатоля Красоўскага. «Людзі ў цывільным, якіх было па два чалавекі на кожнага журналіста, груба, з небяспекай пашкодзіць тэхніку і траўміраваць рэпарцёраў, закрывалі іх відэа- і фотакамеры, адштурхоўвалі ад аб'ектаў падзеяў, нягледзячы на наяўнасць у журналістаў рэдакцыйных пасведчанняў», — падкрэсліваецца ў заяве БАЖ.

Амаль тое ж самае, адзначаецца ў заяве, адбывалася і 9 верасня, калі супрацоўнікі міліцыі не давалі магчымасці журналістам асвятляць пікет на Кастрычніцкай плошчы ў Менску, які праводзіўся ў знак пратэсту супраць уводу на тэрыторыю Беларусі расейскіх войскаў — удзельнікаў ваенных вучэнняў «Захад-2009».

Беларуская асацыяцыя журналістаў лічыць недапушчальным і непрымальным перашкаджэнне прафесійнай дзейнасці журналістаў, а значыць, і гарантаванаму Канстытуцыяй праву грамадства на атрыманне і распаўсюджванне інфармацыі.

БАЖ нагадвае супрацоўнікам праваахоўных органаў і іншых дзяржаўных органаў пра права журналіста прысутнічаць «на масавых мерапрыемствах, у месцах іншых грамадска важных падзеяў і перадаваць адтуль інфармацыю» (п. 2.2. арт. 34 дзейснага закона «Аб СМІ»).

Арганізацыя таксама выказвае «сур'ёзную занепакоенасць тым, што падобныя факты падчас масавых акцыяў зноў становяцца сістэматычнымі і сведчаць пра спецыяльныя загады, пры выкананні якіх супрацоўнікі сілавых структураў парушаюць заканадаўства».

БАЖ заклікае органы пракуратуры і МУС даць належную ацэнку таму, што адбылося, і прыцягнуць вінаватых да адказнасці, а таксама заклікае прыняць меры для прафілактыкі парушэнняў правілаў працы з прэсай.

Беларуская асацыяцыя журналістаў прыме ўсе магчымыя і неабходныя меры для таго, каб падобныя дзеянні супрацоўнікаў праваахоўных органаў не засталіся беспакарнымі і не паўтараліся ў будучыні, падкрэсліваецца ў заяве.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках