Міліцыянты ў цывільным спрабавалі сілай адвезці журналіста ў пракуратуру
2- 23.09.2009, 16:04
23 верасня адбылася спроба ўзлому кватэры берасцейскага супрацоўніка «Радыё Рацыя» Зміцера Кіселя.
Журналіст звязвае гэты інцыдэнт са сваёй прафесійнай дзейнасцю і спробай даставіць яго сілай у мясцовае аддзяленне пракуратуры, паведамляе «Радыё Рацыя».
Раніцай двое невядомых у цывільным спрабавалі пранікнуць у кватэру Зміцера Кіселя, яны паведамлі журналісту, што збіраюцца даставіць яго ў пракуратуру.
«Гэтыя двое сказалі, што трэба праехаць з імі ў пракуратуру, -- узгадвае журналіст. -- Мне сапраўды прыходзіла позва з пракуратуры, але там пазначана іншая дата - 24 верасня. Я ім патэлефанаваў і паведаміў, што я свой пашпарт здаў на візу, таму з'явіцца ў пракуратуру не змагу. Калі яны ўжо выкарыстоўваюць такія метады, то гэта ўвогуле смешна. Узнікае нейкая небяспека - я ж не ведаю, што будзе далей».
Зміцера Кіселя выклікаюць у пракуратуру па 27-ым артыкуле Адміністрацыйнага Кодэксу РБ - за журналісцкую дзейнасць без акрэдытацыі. Ужо раней Зміцер Кісель атрымліваў тэлефанаванні з пагрозамі, каб ён спыніў сваю дзейнасць.