Улады распачалі «крыжовы паход» супраць настаўнікаў-апазіцыянераў
23- 19.01.2010, 10:36
У Менаблвыканкаме ад шасцёх настаўнікаў запатрабавалі выйсці з апазіцыйных партыяў ці звольніцца з працы.
У сувязі з гэтым, як паведамляе «Радыё Свабода», двое настаўнікаў звярнуліся з заявай у пракуратуру на незаконныя дзеянні чыноўнікаў.
Аналагічныя заявы падалі старшыні двух менскіх абласных партарганізацыяў - БНФ і АГП. У Міністэрстве адукацыі адмовіліся пракаментаваць сваю пазіцыю ў справе ціску на настаўнікаў.
Кіраўнік аддзела сувязяў з грамадскасцю Міністэрства адукацыі Віктар Іўчанкаў адмовіўся па тэлефоне адказаць на пытанне, як ставіцца Міністэрства адукацыі да таго, што некаторых настаўнікаў, якія з'яўляюцца чальцамі зарэгістраваных у Міністэрстве юстыцыі партыяў, прымушаюць падаць заяву аб выхадзе з іх ці звольніцца з працы.
Як стала вядома, 15 студзеня загадчыца ўпраўлення адукацыі Менаблвыканкама пагражала настаўнікам, якія з'яўляюцца чальцамі зарэгістраваных у Міністэрстве юстыцыі партыяў. Па словах чыноўніцы, настаўнікі не маюць права працаваць у дзяржаўных школах.
Да чыноўніцы былі выкліканыя Наталля Іллініч, настаўніца гісторыі з Талькі і сябра Партыі БНФ, яе паплечнік Мікалай Ляшчун, настаўнік замежных моваў з Лагойска Алесь Язвінскі, настаўнік фізкультуры, які ўваходзіць у Кансерватыўна-хрысціянскую партыю БНФ з Нясвіжа, Уладзімір Парэйка, настаўнік геаграфіі, сябра БСДП з Нясвіжскага раёна, а таксама сябры АГП Сяргей Клімёнак – настаўнік фізкультуры з Вілейкі, і Надзея Агафонова - настаўнік-дэфектолаг з Любані.
Настаўнік фізкультуры з Нясвіжа, сябра Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі БНФ Алесь Язвінскі паведаміў, што адну заяву на незаконныя дзеянні чыноўнікаў Менаблвыканкама ён накіраваў у пракуратуру, а другую - у сваю партыю, каб там адрэагавалі на дзеянні ўладаў.
«Як я разумею, гэта толькі з-за выбараў. Гэта іх цікавіла. Паколькі я зайшоў з бел-чырвона-белым значкам і гальштук такі яшчэ адпаведны ў мяне быў, дык яе адразу як заклініла. «А-а! Значок бэнээфаўскі!!!». Яна вырашыла, што са мной нават няма чаго размаўляць, асабліва пасля таго, як спытала, з якога часу я знаходжуся ў партыі», -- распавёў Алесь Язвінскі.
Старшыня менскай абласной арганізацыі партыі БНФ Зміцер Вінаградаў і старшыня абласной арганізацыі АГП Уладзімір Малярчук таксама накіравалі заявы ў пракуратуру Менскай вобласці. Яны просяць пракуратуру даць прававую ацэнку дзеянням чыноўнікаў Менаблвыканкама і прыняць адпаведныя меры, каб прадухіліць ціск на настаўнікаў з боку чыноўнікаў.