10 чэрвеня 2026, Серада, 23:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Галіна Ярашэвіч: «Мяне ганьбілі, як у сталінскія часы»

15

Беларускіх апазіцыянераў працягваюць звальняць з працы за іх актыўную палітычную дзейнасць.

На прэс-канферэнцыі, якая прайшла днямі ў Менску, сустаршыні аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД) Аляксей Шэйн, Віталь Рымашэўскі і Георгій Дзмітрук заявілі аб беспрэцэдэнтным і сістэматычным ціску на заснавальнікаў партыі, перадае БелаПАН.

Як паведаміў Аляксей Шейн, арганізатары БХД зафіксавалі больш за 30 выпадкаў ціску на людзей, якія паставілі свае подпісы пад устаноўчымі дакументамі па стварэнні партыі.

«Гэта масавая кампанія. Пад рознымі падставамі заснавальнікаў выклікаюць па месцы працы і патрабуюць адмовіцца ад сваіх подпісаў, пагражаючы звальненнем. Калі не атрымліваецца гэта зрабіць на працы або па месцы вучобы, заснавальнікаў БХД выклікаюць у выканкамы, праводзяць гутаркі з удзелам ідэалагічных супрацоўнікаў і супрацоўнікаў спецслужбаў, бяруць з іх тлумачэнні па факце подпісаў у якасці заснавальнікаў БХД, пагражаюць буйнымі непрыемнасцямі», — сказаў Шейн.

Паводле яго, такія выпадкі былі зафіксаваныя ў Берасці, Менску, Менскай вобласці, Бабруйску, Слоніме, Гародні, Быхаве і іншых гарадах. У выніку пяць чалавек напісалі заявы аб адкліканні сваіх подпісаў пад устаноўчымі дакументамі БХД.

У прэс-канферэнцыі прыняла ўдзел адна з заснавальнікаў БХД Галіна Ярашэвіч з Баранавіч, якую за адмову адклікаць свой подпіс звольнілі з працы.

«Я працавала ў адной з медыцынскіх устаноў. Да медыцыны я не мела адносіны — была спецыялістам па рэкламе. Кіраўніцтва было задаволена маёй працай, і са мной ужо працягнулі кантракт на наступны год. Аднак, як толькі стала вядома, што я падпісалася пад дакументамі аб стварэнні БХД, быў сабраны агульны сход кіраўніцтва ўстановы, на якім мяне «ганьбілі», як у сталінскія часы. Кіраўніцтва заявіла, што я і так маю шмат вольнага часу, і ў гэты вольны час прапанавала працаваць мне ці ледзь не дворнікам. Зразумела, я на гэта не пагадзілася, і мяне звольнілі яшчэ да сканчэння дзеючага кантракту. Пры гэтым было прама заяўлена, што я «была заўважаная ў апазіцыйных колах», — сказала Ярашэвіч.

Яна таксама паведаміла, што ставіла свой подпіс пад устаноўчымі дакументамі аб стварэнні БХД яшчэ падчас першай спробы рэгістрацыі партыі.

«Але тады я напісала, што з'яўляюся пенсіянеркай, і да мяне ніхто не прыходзіў. Зараз я напісала, дзе працую, і рэакцыя рушыла ўслед неадкладна», — адзначыла Ярашэвіч.

На думку Віталя Рымашэўскага, такім чынам «улады рыхтуюць глебу для нерэгістрацыі БХД».

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках