17 чэрвеня 2024, панядзелак, 13:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускія прадпрымальнікі заклікаюць байкатаваць Мытны саюз

27

Беларусь не павінна, як і раней, знаходзіцца ў палітычнай і эканамічнай залежнасці ад Расеі, упэўненыя беларускія прадпрымальнікі.

Старшыня каардынацыйнага савета індывідуальных прадпрымальнікаў Менска Аляксандр Макаеў і каардынатар праваабарончага руху «Наша Беларусь» Ігар Леднік звярнуліся па падтрымку ў правядзенні рэформаў да нацыянальнай эліты Беларусі і Рады БНР. Таксама, як паведамляе «Радыё Свабода», прадпрымальнікі падпісаліся пад сумеснай заявай адносна выхаду з канстытуцыйнага крызісу.

«Зараз Беларусь удзельнічае ў двух праектах - праграме Еўрапейскага Звяза «Усходняе партнёрства» і ў Мытным саюзе Расеі, Беларусі і Казахстана, які ствараецца ў рамках ЕўрАзЭС. Мэты гэтых праграм супрацьлеглыя. Першая - стварэнне адзінай эканамічнай прасторы з усходнімі партнёрамі з цэнтрам у Брусэлі, другая - з былымі краінамі СССР з цэнтрам у Маскве», - пішуць прадпрымальнікі.

Беларускія прадпрымальнікі заяўляюць, што зацікаўлены ў супрацоўніцтве з усходнімі партнёрамі ў рамках праграмы «Усходняе партнёрства».

«Прадпрымальнікі зацікаўлены ў першай праграме, у правядзенні інстытуцыйных рэформаў. Але яны не могуць быць распачатыя, калі ў Беларусі не дзейнічае галоўная інстытуцыя - вяршэнства права. Каардынацыйны Савет індывідуальных прадпрымальнікаў у мэтах дэлегітымізацыі дзеючай палітычнай улады прыняў заяву аб незаконнасці ўдзелу Беларусі ў Мытным саюзе», - паведамляюць аўтары паслання.

У сваім звароце беларускія прадпрымальнікі адзначаюць, што Беларусь не павінна, як і раней, знаходзіцца ў палітычнай і эканамічнай залежнасці ад Расеі.

«Звяртаемся да беларускай нацыянальнай эліты, да Рады БНР, для якіх «Жыве Беларусь!» не пусты гук, падтрымаць заяву. Чым меншай будзе эканамічна-палітычная залежнасць ад Расеі, тым хутчэй вырашыцца гістарычнае і культурна-моўнае беларускае пытанне. Еўраінтэграцыя Беларусі магчыма толькі праз пераадоленне канстытуцыйнага крызісу ў краіне. Толькі калі ў гэтым будзе зацікаўлена беларуская эліта, будзе зацікаўлены і ўвесь беларускі народ», - упэўненыя беларускія прадпрымальнікі.

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках