Рэкордны рост адмоўнага сальда знешняга гандлю таварамі
30- 1.12.2010, 12:04
Па выніках 10 месяцаў адмоўнае сальда знешняга гандлю таварамі дасягнула 6932,5 млн. USD.
За аналагічны перыяд 2009 года яно складала 5703,6 млн. USD, паведамляе Белстат.
У кастрычніку адмоўнае сальда склала 949,9 млн. USD (супраць 989 млн. USD у верасні, 812,5 млн. USD у жніўні, 691,1 млн. USD у ліпені, 787,6 млн. USD у чэрвені, 659,1 млн. USD у траўні, 827 млн. USD у красавіку, 767,3 млн. USD у сакавіку, 440,5 млн. USD у лютым і 28,5 млн. USD у студзені 2010 года).
Аб'ём знешняга гандлю таварамі ў студзене-кастрычніку 2010 года склаў 46688,9 млн. USD, павялічыўшыся на 17,7% у параўнанні са студзенем-кастрычнікам 2009 года. Імпарт тавараў вырас на 18,2% да 26810,7 млн. USD, экспарт - на 17,0% да 19878,2 млн. USD.
Пры гэтым з агульнага аб'ёму экспарту пастаўкі ў краіны СНД склалі 10986,6 млн. USD, павялічыўшыся на 47,5% у параўнанні са студзенем-кастрычнікам 2009 года. Экспарт у Расею вырас на 48,6% да 7999,1 млн. USD. Экспарт у краіны па-за СНД знізіўся на 6,8% і склаў 8891,6 млн. USD.
У агульным аб'ёме імпарту пастаўкі з краінаў СНД склалі 15845,1 млн. USD, павялічыўшыся на 9,2%. У тым ліку, аб'ём імпарту з Расеі павялічыўся на 5,1% і склаў 14000,3 млн. USD. З краінаў па-за СНД Беларусь павялічыла імпарт на 34% да 10965,6 млн. USD.
Адмоўнае сальда ў гандлі Беларусі з краінамі СНД склала 4858,5 млн. USD (супраць 7055,3 млн. USD у студзені-кастрычніку 2009 года), у гандлі з Расеяй - 6001,2 млн. USD (супраць 7932,8 млн. USD). У гандлі з краінамі па-за СНД таксама склалася адмоўнае сальда, якое склала 2074,0 млн. USD (у той час як летась яно было дадатным у памеры 1351,7 млн. USD).
«Год ад году мы назіраем тэндэнцыю нарастання адмоўнага сальда гандлёвага балансу. Гэта значыць, што мы больш спажываем, чым ствараем. Пераламаць сітуацыю ва ўладаў ніяк не атрымліваецца. Для таго, каб пакрыць спажыванне, нам патрэбныя запазычанні, продаж дзяржуласнасці ці прыцягненне замежных інвестыцый. Зараз Беларусь назапашвае вялікія даўгі. Але неўзабаве нам перастануць даваць у доўг», - заявіў у інтэрв'ю сайту charter97.org эканаміст Леанід Злотнікаў.