Пракаповіч не выключае дэнамінацыі
16- 10.12.2010, 9:17
Старшыня ўпраўлення Нацбанка Беларусі Пётр Пракаповіч не выключае правядзення дэнамінацыі беларускага рубля праз 2-3 гады.
Пра гэта ён казаў падчас прамой лініі, якую арганізавала газета «Рэспубліка», паведамляе БелаПАН.
Паводле яго меркавання, праводзіць дэнамінацыю «ў нейкім сэнсе час». «Але адна з характарыстак пераходнай эканомікі - высокі ўзровень інфляцыі, - працягнуў Пракаповіч. - За мінулыя гады ў беларускіх грошай назапасілася нямала «лішніх» нулёў».
«Скажу так: дэнамінацыя ў нашай краіне магчымая, але назваць яе дакладную дату не магу. Гэта залежыць ад шматлікіх фактараў. Магчыма, да дэнамінацыі пройдзе яшчэ 2-3 гады», - сказаў галоўны банкір краіны.
Ён падкрэсліў, што для правядзення дэнамінацыі неабходны час на падрыхтоўку: выдаць адпаведны ўказ прэзідэнта, затым стварыць нарматыўна-прававую базу і г. д.
«Да дэнамінацыі трэба будзе рыхтавацца як мінімум на працягу паўгода. Так што дэнамінацыі праз 20 дзён не можа быць нават тэарэтычна, не кажучы пра практычны бок пытання», - растлумачыў кіраўнік Нацбанка.
Апошні раз дэнамінацыя беларускага рубля - у суаднясенні 1:1000 - праводзілася ў Беларусі 1 студзеня 2000 года. Тады Нацыянальны банк увёў у зварот банкноты вартасцю 1, 5, 10, 20, 50, 100, 500, 1000 і 5000 рублёў, а пазней - 10 000, 20 000, 50 000 і 100 000 рублёў.
На працягу 2000 года ажыццяўлялася паралельнае хаджэнне купюраў старога і новага ўзору. 30 снежня 2003 года тэрмін абмену старых грошай мінуў.