Улады прымусілі «Аўтарадыё» адмовіцца ад агітацыі за Саннікава (Аўдыё)
30- 17.12.2010, 15:54
Нягледзячы на аплату агітацыйных ролікаў з выбарчага фонду, радыёстанцыя адмовілася круціць іх у эфіры.
Пра гэта сайту charter97.org паведаміў кіраўнік выбарчага штаба Андрэя Саннікава Уладзімір Кобец.
«Аўтарадыё» было адзінай радыёстанцыяй, якая згадзілася змясціць у сябе ў эфіры агітацыйныя ролікі кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Андрэя Саннікава. Усе астатнія беларускія радыёстанцыі, нягледзячы на тое, што купля дадатковага эфірнага часу за кошт фонду кандыдата прадугледжаная выбарчым заканадаўствам, адмовіліся змяшчаць ролікі апазіцыйных кандыдатаў у прэзідэнты.
Пасля гэтага «Аўтарадыё» апынулася пад прэсінгам уладаў. Агітацыйныя ролікі Саннікава выходзілі ў эфір два дні, але сёння з 11 гадзінаў радыёстанцыя была вымушаная не выпускаць іх у эфір.
«Вось такая «лібералізацыя». Улада парушае ўласнае заканадаўства, перашкаджае рэалізацыі законных правоў выбарнікаў на атрыманне інфармацыі. Разам з тым мы ўдзячныя «Аўтарадыё». Гэта адзіная радыёстанцыя, якая выявіла мужнасць, выконваючы дзейсны закон. Улады баяцца кандыдата Саннікава і перашкаджаюць таму, каб у эфір трапіла любая інфармацыя пра яго. Відавочна, што выбары не будуць свабоднымі, і мы павінны адстойваць свае правы на Плошчы», - упэўнены Уладзімір Кобец.