«Белінвестбанк» дастанецца Кітаю?
8- 6.12.2010, 11:45
Беларусь вядзе перамовы пра продаж долі ў ААТ «Белінвестбанк» найбуйнейшаму кітайскаму банку.
Пра гэта «Інтэрфакс-Захад» заявіў старшыня ўпраўлення Нацбанка Беларусі Пётр Пракаповіч.
«У дадзены момант мы вядзём перамовы з кітайскім банкам пра продаж долі ў Белінвестбанку. Гэта самы буйны банк у свеце», - сказаў Пракаповіч.
Паводле яго словаў, праз тыдзень чакаецца візіт у Менск прадстаўнікоў банка-інвестара з КНР.
«Пакуль мы вядзём папярэднія перамовы», - дадаў Пракаповіч.
Тым часам, яшчэ ў ліпені гэтага года ён заяўляў, што Белінвестбанк будзе прададзены аднаму з найбуйнейшых еўрапейскіх банкаў. Тады старшыня Нацбанка тлумачыў неабходнасць прыцягнення стратэгічнага інвестара з Еўропы з улікам планаў дыверсіфікавання фінансавых струменяў, якія ў значнай ступені залежаць ад Расеі.
«Нам патрэбен інвестар (у Белінвестбанк - ІФ), які ўкладзе ў эканоміку мільярды еўра. Ён павінен быць з Еўразвяза», - сказаў Пракаповіч на прэс-канферэнцыі 29 ліпеня. Ён растлумачыў, што «ў нас два галоўныя эканамічныя партнёры - Расея (СНД) і Еўразвяз. З Расеі і СНД у нас ёсць 10 банкаў, з Еўразвяза - 2 банкі. Гэта дыспарытэт».
У канцы лістапада дэлегацыя НББ заключыла здзелку валютны своп з цэнтрабанкам КНР на 6 млрд. іюняў ($900 млн. у эквіваленце).
У чэрвені кіраўніцтва НББ заяўляла пра перамовы па продажы мінарытарнай долі ў Белінвестбанку Еўрапейскаму банку рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР).
Раней улады Беларусі вялі перамовы пра продаж Белінвестбанка германскаму Commerzbank, аднак перамовы былі замарожаныя ў сувязі з негатыўным уплывам на еўрапейскі фінансавы рынак глабальнага крызісу.