10 траўня 2024, Пятніца, 8:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Топ-10 перамогаў беларускай зброі

54
Топ-10 перамогаў беларускай зброі

Дзень абаронца Айчыны, які адзначаецца 23 лютага, да вайсковай славы беларусаў мае аддаленае дачыненне. Але ёсць бітвы, калі нашыя продкі выявілі сябе як сапраўдныя абаронцы сваёй радзімы.

З 1922 года ў Савецкім Саюзе 23 лютага афіцыйна адзначалі як «дзень нараджэння Чырвонай Арміі». Паводле афіцыйнай версіі, менавіта ў гэты дзень у 1918 годзе атрады Чырвонай гвардыі атрымалі свае першыя перамогі пад Псковам і Нарвай над рэгулярнымі войскамі кайзераўскай Германіі. Пазней свята было перайменаванае ў «Дзень Савецкай Арміі і Ваенна-Марскога Флоту», а пасля распаду Саюза гэтая дата стала лічыцца «Днём абаронцы Айчыны».

Зразумела, што 23 лютага для Беларусі – гэта толькі спадчына савецкага мінулага і мае да беларускай вайсковай славы апасродкаванае дачыненне. Адзначым таксама цікавае супадзенне: менавіта 23 лютага 1944 года на акупаванай тэрыторыі нашай краіны была створаная Беларуская краёвая абарона — ваенізаваныя фармаванні, закліканыя якраз змагацца з гэтай самай савецкай арміяй. Улічваючы гэтую акалічнасць, даніна беларусаў савецкаму святу выглядае крыху двухсэнсоўна.

Газета «Салідарнасць» прапаноўвае ўвазе чытачоў уласны топ-10 бітваў, у якіх нашыя суайчыннікі сапраўды праявілі сябе як сапраўдныя абаронцы сваёй радзімы.

1. Бітва на Сініх водах (восень 1362 года)

Пераацаніць значэнне гэтай бітвы, у якой войскі Вялікага княства Літоўскага пад камандаваннем князя Альгерда разграмілі аб'яднанае войска трох татарскіх князёў, даволі складана. Менавіта гэтая перамога паклала пачатак вызваленню Усходняй Еўропы ад ардынскага валадарства яшчэ задоўга да Кулікоўскай бітвы. Дзякуючы правільнай тактыцы нашыя войскі без заўважных стратаў змаглі разбіць непераможную дагэтуль татарскую конніцу ля ракі Сінія Воды — левага прытоку Паўднёвага Буга, якая пазней стала называцца Сінюхай.

«Гістарычнае значэнне гэтай бітвы цяжка пераацаніць, -- піша альманах «Дзяды». – Ардынцы ўпершыню пацярпелі настолькі разгромную паразу. Землі ў міжрэччы Дона і Дняпра вышлі з іх падначалення. Кіеў татары пакінулі без бою…»

Бітва на Сініх водах стала куды больш славутай і значнай, чым бітва на Куліковым полі, якая адбылася на шмат гадоў пазней і якую шмат якія гісторыкі наогул лічаць «чыста ардынскай разборкай».

Як адзначаюць «Дзяды», праз два гады пасля Кулікоўскай бітвы хан Тахтамыш спаліў Маскву і прывёў стасункі Залатой Арды з Маскоўскай дзяржавай у ранейшы стан. Толькі праз 98 гадоў, пасля знакамітага «стаяння на Угры» у 1480 годзе, Масковія дамаглася фактычнай незалежнасці.

2. Грунвальдская бітва (15 ліпеня 1410 года)

Перамога ў Грунвальдскай бітве – адна з самых славутых старонак у беларускай ваеннай гісторыі. 15 ліпеня 1410 года аб'яднаныя сілы Каралеўства Польскага і Вялікага княства Літоўскага пад камандаваннем князя Вітаўта разграмілі сілы Тэўтонскага ордэна, тым самым паклаўшы канец больш чым двухсотгадовай вайне.

Менавіта ўнёсак нашых продкаў быў вырашальным у Грунвальдскай (ці, як яе яшчэ называюць, Танэнбергскай) бітве. Дзякуючы тактыцы падманнага адступлення кавалерыя ВКЛ змагла заманіць суперніка ў пастку, дзе ён цалкам быў разбіты. Каля траціны тэўтонскай арміі палегла на полі бою, было забітае практычна ўсё кіраўніцтва Ордэна, значная колькасць рыцараў патрапіла ў палон.

Велізарны ўплыў Грунвальдская бітва аказала і на фармаванне беларускай нацыі. Гісторыкі пішуць, што на бітву ішлі палачане, віцябляне, гарадзенцы, магілёўцы, а з бітвы – беларусы. Паводле дадзеных у войску ВКЛ было 28 палкоў з цяперашніх беларускіх земляў, 4 з літоўскіх і 8 украінскіх палкоў. 35 з 40 харугваў ішлі пад сцягам “Пагоня”.

Рыцары-крыжакі ў гэтай бітве не толькі атрымалі адпор — іх ваенная моц была падарваная на шмат гадоў. Тэўтонцы фактычна вымушаныя былі перайсці да пасіўнай абароны, і праз 56 гадоў Ордэн спыніў сваё існаванне.

3. Бітва пад Оршай (8 верасня 1514 года)

Перамога ў гэтай бітве з'яўляецца самой буйной у беларускай ратнай гісторыі. 8 верасня 1514 года 30-тысячная армія ВКЛ пад кіраўніцтвам гетмана Канстанціна Астрожскага разграміла ўтрая большае па колькасці войска Маскоўскага княства. Нават у адным з расейскіх (!) гістарычных даведнікаў Аршанская бітва аднесеная да ста найбольш вялікіх бітваў еўрапейскай гісторыі.

Бітва пад Оршай вырашыла лёс незалежнасці Вялікага княства Літоўскага і на шмат дзесяцігоддзяў спыніла расейскую экспансію на нашыя землі. Важнасць для нас гэтай бітвы яшчэ і ў тым, што іншыя буйныя перамогі беларусы, як правіла, атрымлівалі пры падтрымцы войскаў іншых дзяржаваў, а поспех 1514 года – цалкам і поўнасцю на рахунку нашых продкаў. Акрамя таго, дзякуючы выяве гэтай бітвы, зробленай невядомым мастаком на некалькі гадоў пазней, мы змаглі даведацца пра бел-чырвона-белыя колеры сцяга конніцы Вялікага княства.

4. Бітва пры Чашніках (26 студзеня 1564 год)

Яшчэ адна бітва, якая сарвала планы маскоўскай Русі ў замаху на незалежнасць нашай дзяржавы. Па дзіўным збегу абставінаў адбылося гэта таксама непадалёк ад Оршы, паблізу горада Чашнікі (Віцебская вобласць). 26 студзеня 1564 года 6-тысячнае войска ВКЛ пад камандаваннем ваяводы Мікалая Радзівіла разбіла 18-тысячную раць Маскоўскай дзяржавы, тым самым сарваўшы намеры Івана Жахлівага здзейсніць паход на Літоўскія землі, які ён планаваў «пад шумок» Лівонскай вайны.

Бітва працягвалася некалькі гадзінаў, і скончылася поўным разгромам рускай арміі. Камандуючы царскім войскам Пётр Шуйскі быў забіты, абозы з гарматамі і ўзбраеннем, якія везлі для навабранцаў Смаленска, апынуліся ў руках ваяроў ВКЛ. Кампанія 1564 года была сарваная.

5. Бітва пры Клушыне (4 ліпеня 1610 года)

Даставіць нязручнасць сваім усходнім суседзям беларусы змаглі і ў 1610 годзе каля вёскі Клушына (Смаленская вобласць). Прычым перамога ў гэтай бітве войска Рэчы Паспалітай прывяла да таго, што Маскоўская дзяржава на некаторы час наогул пазбавілася дзяржаўнасці.

Пасля бітвы рэшткі рускай арміі разбегліся, і яна фактычна перастала існаваць. А яшчэ ж напярэдадні бітвы маскоўскія войскі пад камандаваннем брата цара Дзмітрыя Шуйскага, Андрэя Галіцына, Данілы Межэцкага і Якаба Дэлагардзі святкавалі сваю перамогу, нават не сумняваючыся, што армія ў 35 тысячаў чалавек хутка расправіцца з 6800 «палякамі» (натуральна, у войска Рэчы паспалітай уваходзілі і беларусы). Ноч правялі ў папойцы, прычым Дэлагардзі абяцаў падараваць палоннаму гетману Жаўкеўскаму, які камандаваў войскам праціўніка, сабалінае футра ў памяць пра тое, што сам Жаўкеўскі, узяўшы раней у палон Дэлагардзі, падарыў яму рысінае.

Удар заспеў сабутэльнікаў знянацку. Ды і найміты з ліку шведаў, французаў і ангельцаў, якім затрымалі заробак, не выказалі належнага стараннасці ў бойцы і ўзбунтаваліся. Расейцы збеглі, а каб хоць неяк затрымаць палякаў, Шуйскі загадаў раскідаць па лагеры футра і каштоўнасці, уключаючы нарабаванае з рызніцы Троіца-Сергіевай лаўры.

Параза расейцаў у гэтай бітве прывяла да таго, што ў Маскве быў зрынуты Васіль Шуйскі і ўтвораная Семібаяршчына, якая, у страху перад Ілжэдзмітрыем II прысягнулася каралевічу Уладзіславу і пусціла ў Маскву Жаўкеўскага. Так, хай і ненадоўга, Масква апынулася пад уладай Рэчы Паспалітай.

6. Бітва пад Палонкай (27 ліпеня 1660 года)

Яшчэ адна славутая бітва, у якой беларускія войскі разграмілі маскоўскую дружыну — што паробіш: менавіта Расея была асноўным праціўнікам у шматвяковай гісторыі нашай дзяржавы. У чэрвені 1660 года аб'яднаныя беларуска-літоўскае і польскае войскі пад кіраўніцтвам гетманаў Яна Паўла Сапегі і Стэфана Чарнецкага каля невялікай вёсачкі Палонка здабылі вялікую перамогу над утрая большым войскам маскоўскага ваяводы Івана Хаванскага ў вайне Расеі і Рэчы Паспалітай 1654 - 1667 гг.

Бліскуча спланаваны папераджальны ўдар польска-літоўскіх войскаў сарваў план наступу на Варшаву. Параза маскоўскіх войскаў пацягнула за сабой канчатковае адпадзенне заходняй паловы Вялікага княства Літоўскага ад царскай улады і на нейкі час змяніла суадносіны сілаў.

Паказальна, што сёння месца разгрому расейскіх войскаў актыўна выкарыстоўваецца для беларуска-расейскіх ваенных манеўраў. Вёсачка Палонка размешчаная ўсяго ў шасці кіламетрах ад Абуз-Лясноўскага агульнавайсковага палігона, які ў апошнія гады часцяком ужываецца для сумесных аператыўна-стратэгічных вучэнняў Беларусі і Расеі.

7. Паўстанне ў Вільні (22-23 красавіка 1794 года)

Чарговым раўндам барацьбы супраць расейскіх акупантаў стала паўстанне пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі. Як вядома, у 1794 г. Кацярына II, каб канчаткова ліквідаваць дзяржаўнасць Польшчы і Вялікага княства Літоўскага ўвяла акупацыйныя войскі, якія кіраваліся Аляксандрам Суворавым.

Супраць акупантаў паўстаў беларускі і польскі народ. У ноч з 22 на 23 красавіка паўстанцы пад кіраўніцтвам беларуса Якуба Ясінскага вызвалілі Вільню. Абяззброіўшы расейскі гарнізон, яны ўзялі ў палон 1012 чалавек. 23 красавіка на рынкавай плошчы быў абвешчаны «Акт паўстання Літоўскага народа». З гэтага дня ўзброеная барацьба распаўсюдзілася па ўсёй Літве і Заходняй Беларусі, сабраўшы пад свае сцягі некалькі дзесяткаў тысячаў беларусаў.

На жаль, як мы памятаем з гісторыі, паўстанне Касцюшкі было жорстка задушанае войскамі Суворава, які пакінуў пасля сябе на нашай зямлі толькі шыбеніцы ды памяць пра зверствы, учыненыя над мірным насельніцтвам яго салдатамі і казакамі, якія дзеля запалохвання насілі на сваіх піках і штыках трупы мёртвых немаўлятаў.

Паўстанне 1794 года адыграла і значную міжнародную ролю: адцягнуўшы на сябе сілы Прусіі, яно спрыяла поспехам французскай рэвалюцыйнай арміі і падрыхтавала выхад Прусіі са складу першай кааліцыі. А таксама паслужыла прыкладам для будучых вызваленчых змаганняў за незалежнасць.

8. Бітва пад Мілавідама (21 траўня 1863 года)

Адна са славутых бітваў у межах паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага (1863-1864). 21 траўня 1863 года каля мястэчка Мілавіды Слонімскага павета некалькі атрадаў беларусаў колькасцю ў 800 чалавек змаглі супрацьстаяць 5 ротам добра навучаных расейскіх салдатаў з 4 гарматамі. У карнікаў так і не атрымалася ўзяць лагер паўстанцаў, і з вялікімі стратамі яны вымушаныя былі адысці.

Паўстанне 1863 года стала адным з нешматлікіх у гісторыі XIX стагоддзя прыкладаў, калі жменька ўзброеных людзей, абараняючы незалежнасць сваёй зямлі, паўстала супраць велічэзнай імперыі. Царызм патапіў паўстанне ў крыві, але насуперак гэтаму ў народзе мацнела пачуццё нацыянальнай годнасці. Тады ж з мэтай заспакаення сялянаў быў выдадзены шэраг указаў, паводле якіх у Беларусі і Літве адмяняўся часоваабавязаны стан сялянаў, прадугледжвалася неадкладнае вяртанне сялянскіх адрэзкаў і змяншэнне выкупных плацяжоў на 20%.

9. Слуцкае паўстанне (27 лістапада 1920 года)

Як Дзень герояў некаторыя беларусы адзначаюць дату 27 лістапада. Менавіта ў гэты дзень у 1920 годзе ў раёне горада Слуцка пачаліся баі паміж беларускімі ўзброенымі фармаваннямі і савецкімі войскамі.

Мэтай паўстання была абвешчаная абарона незалежнасці Беларусі.

Маючы вялікую падтрымку мясцовага насельніцтва і дапамогу з боку прыхільнікаў беларускай незалежнасці, Слуцкая брыгада, вядомая як «Слуцкі збройны чын», правяла некалькі паспяховых атакаў паблізу горада Копыль, вёсак Цімкавічы і Вызна, выбіўшы адтуль савецкія войскі. Заклік Слуцкай рады пераходзіць на яе бок паслухала і частка салдатаў Чырвонай Арміі з ліку сялянаў, якія не падтрымлівалі палітыку камуністаў. Разгарнуўся актыўны антыбальшавіцкі супраціў.

Слуцкае паўстанне з'яўляецца эпізодам гісторыі Беларускай Народнай Рэспублікі і барацьбы беларусаў за сваю незалежнасць. За непадзельную Беларусь, абвяшчэнне рэспублікі і незалежнасць ад Польшчы і Расеі нашыя продкі ішлі пад сцягам з Пагоняй і дэвізам «Тым, што пайшлі паміраць, каб жыла Бацькаўшчына». На жаль, сілы былі няроўныя…

10. Менская аперацыя (3 ліпеня 1944 года)

Вызваленне Менска ад нямецка-фашысцкіх войскаў таксама па праве можа лічыцца адной са значных перамогаў у нашай гісторыі. Гэтая аперацыя стала прадвеснікам будучай перамогі над фашызмам ва Усходняй Еўропе.

Як вядома, Менская аперацыя была ажыццёўленая сіламі 1-га, 2-га і 3-га Беларускіх франтоў пры садзейнічанні 1-га Прыбалтыйскага фронту і з'яўлялася часткай Беларускай аперацыі (вядомай як аперацыя «Баграціён»), якую лічаць «адной з найбуйнейшых за ўсю гісторыю чалавецтва».

Палонныя салдаты вермахта на вуліцах Менска, ліпень 1944 года.

Дзякуючы сладжаным дзеянням арміяў да зыходу 3 ліпеня Менск быў вызвалены. Ліквідаваная значная групоўка сілаў праціўніка, чым былі нанесеныя моцныя страты нямецкім дывізіям на Усходнім фронце. За ўмелыя і гераічныя дзеянні падчас менскай аперацыі 1944 года, 52 злучэнні і часткі былі ўганараваныя ганаровай назвай «Менскія». Вядома, прыпісваць гэтую перамогу выключна беларусам будзе няправільна: у межах Менскай аперацыі плячом да пляча на нашай зямлі ваявалі прадстаўнікі самых розных нацыянальнасцяў. Аднак у тым, што нашыя суайчыннікі праявілі ў гэтых баях мужнасць і гераічнасць, сумнявацца не прыходзіцца.

Гэта далёка не поўны пералік славутых перамогаў беларускай зброі. Аднак і без усеабдымнага спісу відавочна: ёсць у нашай гісторыі нашмат больш вялікія даты для азначэння вайсковай славы нашых продкаў, чым 23 лютага.

Напісаць каментар 54

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках