Скандал: Як адлічваюць з універсітэтаў актывістаў апазіцыі
39- 3.02.2010, 10:43
Выкладчыкаў БНТУ прымушалі ставіць актывісту апазіцыі нездавальняючыя адзнакі, каб адлічыць яго з вну.
Актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Сяргей Кур'яновіч адлічаны з Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта. Ён вучыўся на першым курсе прыборабудаўнічага факультэта БНТУ. Малады чалавек паступіў у вну з высокім балам (210 балаў па цэнтралізаваным тэставанні), вучыўся нядрэнна, канфліктаў з выкладчыкамі не меў, без праблемаў быў дапушчаны да сесіі, і лічыць, што адзінай прычынай адлічэння была яго грамадская дзейнасць, піша сайт «Еўрапейская Беларусь».
Але на першым жа іспыце зімовай сесіі па прадмеце «Нацыянальная эканоміка Беларусі» яму была пастаўленая адзнака «2» па дзесяцібальнай сістэме. Кур'яновіч лічыць гэтую адзнаку неаб'ектыўнай, бо ён добра падрыхтаваўся да іспыту, матэрыялам валодаў у поўным аб'ёме і нядрэнна адказаў на пытанні. Калі малады чалавек паспрабаваў высветліць прычыну прадузятага стаўлення, выкладчыца адказала: «Вы цікавы чалавек, з вамі ёсць пра што пагаварыць. Прыходзіце на пераздачу, буду рада з вамі паразмаўляць». Прыкладна такая ж сітуацыя склалася і на другім іспыце – па прадмеце «Інжынерная графіка».
Яшчэ па двух іспытах – «Гісторыя Беларусі» і «Эканамічная тэорыя» Кур'яновіч атрымаў адзнакі «9» і «8» адпаведна. Пасля чаго да яго падышоў адзін з выкладчыкаў і сказаў, што на яго аказваў ціск заг. кафедры з патрабаваннем паставіць гэтаму студэнту нездавальняючую адзнаку, аднак ён адмовіўся выконваць гэтае ўказанне і ацаніў яго веды аб'ектыўна. У далейшым гэты выкладчык быў пазбаўлены прэміі.
На апошнім іспыце Сяргею Кур'яновічу зноў была пастаўленая адзнака «2», і ўжо на наступны дзень быў падпісаны загад аб яго адлічэнні на падставе «акадэмічнай непаспяховасці».
Адносна сітуацыі, якая склалася, Кур'яновіч звярнуўся да дэкана факультэта, але інфармацыя не была прынятая да ўвагі.
Грамадзянскі актывіст не мае намеру мірыцца са сваім выключэннем, і будзе патрабаваць аднаўлення справядлівасці. Скаргу ў пракуратуру Сяргей Кур'яновіч падасць у хуткім часе.
Нагадаем, што адсутнасць акадэмічных свабодаў у Беларусі - даўно вядомы факт. За ўдзел у акцыях апазіцыі і дзейнасць у дэмакратычных арганізацыях студэнтаў адлічваюць з вну на розных падставах. Але такія падрабязнасці карнага працэсу сталі вядомыя ўпершыню.